Генпракурор Украіны распавёў пра зрухі ў справе забойства Шарамета
Кола падазраваных у забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета звузілася з некалькіх тысяч да некалькіх соцень, паведаміў генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка 30 снежня ў інтэрв’ю мясцоваму „5 каналу”.
На пытанне, калі можна будзе назваць імёны забойцаў, ён заявіў: „Нават ФБР не здолела нам дапамагчы”.
Аб злове замоўца гаворка зараз не ідзе. „Пакуль мы ідзем за выканаўцам”, — сказаў Луцэнка.
16 снежня на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў года прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка выказаў надзею, што забойца журналіста будзе знойдзены.
„Калі ў вас ёсць нейкія прапановы, гэта я кажу абсалютна сур`ёзна, я гатовы ісці на любыя крокі для таго, каб знайсці забойцаў і прыцягнуць іх да адказнасці ці, прынамсі, надаць празрыстасці расследаванню”, — заявіў Парашэнка, звяртаючыся да журналіста Грамадскага тэлебачання, якое вяло паралельнае расследаванне абставінаў гібелі журналіста.
„Я асабіста ведаў Паўла Шарамета. Я падкрэсліваю, што, у адрозненне ад многіх расследаванняў пры папярэдніх уладах, я сустракаўся і з сям`ёй, і з роднымі Паўла і выстаўляў некалькі ініцыятыў”, — сказаў Парашэнка. У прыватнасці ён звярнуўся ў пасольства ЗША з просьбай „даслаць экспертаў з Федэральнага бюро расследаванняў, з аднаго боку, для прафесійнай дапамогі, з іншага боку, для забеспячэння празрыстасці расследавання”. Акрамя таго, на сустрэчы са сваякамі Шарамета з нагоды першай гадавіны яго гібелі Парашэнка, улічваючы „сур`ёзныя заканадаўчыя абмежаванні”, прапанаваў садзейнічанне ўключэнню замежнага эксперта ў склад следчай групы, калі такі ў іх ёсць на прыкмеце.
„Тады называўся Скотланд-Ярд. Я сказаў, каб мне далі прозвішча следчага , я звярнуся да генеральнага пракурора, звярнуся да шэфа Нацыянальнай паліцыі, мы ўключым яго ў следчую групу. Гэта была і гатоўнасць супрацоўнічаць, і патрабаванне празрыстасці”, — сказаў украінскі кіраўнік.
„Магу падкрэсліць, што такія дзеянні беспрэцэдэнтныя. Але мяне гэта не суцяшае, таму што няма выніку, не ўстаноўленыя забойцы. На жаль, ёсць выпадкі, калі забойцаў знайсці не атрымліваецца. Але ў мяне ёсць надзея, што гэта не той выпадак”, — заявіў Парашэнка.
У жніўні гэтага года генпракурор Украіны Юрый Луцэнка паведаміў, што ў расследаванні з`явілася „адна нітачка”, але падазраваных няма. „У гэтай справе няма падазраваных. Аднак я не магу ў інтарэсах следства казаць больш. У нас цяпер ёсць інфармацыя, яна, верагодна, выведзе нас як мінімум на выканаўцаў, а затым і на замоўцаў. Але — магчыма. Падкрэсліваю гэтае слова. У мяне ёсць асабісты матыў для эфектыўнага кантролю за гэтай справай”, — заявіў генпракурор у інтэрв`ю „Украінскай праўдзе”.
Крыху раней галоўны рэдактар гэтага выдання і грамадзянская жонка Шарамета Алёна Прытула падала ў Пячэрскі суд Кіева скаргу на бяздзейнасць Луцэнкі ў расследаванні гібелі журналіста.
20 ліпеня ў Кіеве на брыфінгу ў сувязі з двухгадовай датай забойства Шарамета старшыня Нацыянальнай паліцыі Украіны Вячаслаў Аброськін заявіў, што следства выявіла асобу, якая можа быць датычная да злачынства, „але яна пакуль не ідэнтыфікаваная”.
Ураджэнец Мінска, які працаваў у СМІ Беларусі, Расеі і Украіны, Павел Шарамет быў узарваны ў сваім аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 года.