Георгій Дзмітрук: Спярша вельмі цяжка, калі ты трапляеш у чужую краіну
У Беласток надалей прыязджаюць беларусы, якія вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за пераследу і рэпрэсій.
Як адзначае сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Георгій Дзмітрук, які цяпер з сям’ёй жыве ў сталіцы Падляшша, плынь уцекачоў змянілася:
– Асабліва на першым этапе вельмі цяжка, калі ты трапляеш у чужую краіну. Асабліва цяжка было тым, якія ў першы час траплялі сюды нават толькі з адным заплечнікам, многія з іх без візаў уцякалі. Яны ўязджалі ў краіну, атрымлівалі абарону, цяпер тут жывуць, многія ўжо вучацца. Гэта былі пераважна маладыя людзі. Цяпер трапляюць сюды тыя людзі, на якіх ідзе “паляванне”, якія знаходзяцца ў цяжкіх абставінах у Беларусі. І яны вымушаны…, я б нават сказаў выціснутыя сюды.
Аднак беларусы, якія прыязджаюць у Беласток з палітычных прычынаў, надалей патрабуюць дапамогі. Працягвае Георгій Дзмітрук:
– Амаль кожны тыдзень мы сустракаем усё новых і новых беларусаў. Спрабуем ім дапамагчы асвоіцца тут, атрымаць першы аб’ём дапамогі, правільна аформіць дакументы. Па-рознаму бывае, бо розныя жыццёвыя сітуацыі. Але тут вельмі выразна праяўляецца прынцып “беларус – беларусу – беларус”, гэта працуе.
Сам Георгій Дзмітрук быў вымушаны выехаць з роднага Кобрына пяць месяцаў таму з-за пераследу і пагрозы затрымання. З таго часу разам з сям’ёй ён жыве ў Беластоку, дапамагае суайчыннікам, якія таксама сталі хоць і часовымі, але эмігрантамі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя