Георгій Каржанеўскі: Вайсковыя парады не дапамогуць



Віцебскі журналіст і культуролаг заўчора выйшаў з інфекцыйнага шпіталя, дзе два тыдні ляжаў з пнеўманіяй.

Тэст на каронавірус таксама быў станоўчы. Хвароба напаткала яго ў замежжы: некалькі дзён ён у літаральным сэнсе пражыў на аўтавакзале ў Лісабоне, чакаючы магчымасці з’ехаць у Польшчу, дзе працуе  апошнія некалькі год. Урэшце давялося ляцець самалётам да Менску з перасадкай у Амстэрдаме. Але ў беларускім аэрапорце тэст на каронавірус не рабілі і тэмпературу не мералі,  бо прыляцеў з краіны, якая не фігуравала ў спісах як небяспечная. Затое далі памятку з парадай правесці два тыдні ў самаізаляцыі. Праз чатыры дні паднялася тэмпература, давялося выклікаць хуткую дапамогу і ехаць у  лякарню, распавядае Георгій Каржанеўскі:

-Я быў адзін у палаце, але потым палаты засялілі “па поўнай праграме”. Тэст у мяне ўзялі адразу, але вынік стаў вядомы недзе на 5-ты дзень. Так што лекары імкнуліся размяшчаць людзей па палатах паводле дыягназу і сімптомаў, але не заўсёды атрымлівалася, бо вынікі тэстаў не адразу бываюць вядомыя.

Праз два тыдні і двух адмоўных тэстаў на каронавірус Георгія Каржанеўскага выпісалі. Паводле ягоных назіранняў, медыкі працуюць сумленна і самааддана. Але пазіцыя кіраўніцтва краіны скрайне легкадумная: падрыхтоўка  да параду на 9-га траўня, чэмпіянат па футболе і арганізацыя суботнікаў супярэчаць элементарным патрабаванням бяспекі падчас эпідэміі. Кепска, калі гэтая легкадумнасць перадаецца грамадзянам, але не менш небяспечная і залішняя паніка. Самае галоўнае зараз – гэта быць сацыяльна адказным за сябе і за іншых, лічыць Георгій Каржанеўскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск