Герасімчык: Чакаю, што ў Вільню прыедуць беларусы розных поглядаў



Гарадзенскі гісторык, аўтар кнігі «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда» Васіль Герасімчык лічыць, што на перапахаванне паўстанцаў Каліноўскага ў Вільню ў лістападзе 2019 года павінны прыехаць беларусы розных поглядаў і перакананняў:

– Мае прыехаць кожны, хто таго пажадае, але асабіста мне хацелася б, каб прыехала больш прадстаўнікоў-беларусаў, прыехала менавіта з Беларусі. Зразумела, што там будуць беларусы з Польшчы, беларусы з іншых еўрапейскіх краін, беларусы Літвы, Латвіі. Але, спадзяюся, што будзе так, што на гэтую важную падзею прыедуць якраз прадстаўнікі беларусаў, незалежна ад сваіх палітычных, рэлігійных поглядаў, адчуванняў, каб паказаць, што тыя асобы, якія загінулі ў Вільні, маюць для нас вялікае значэнне, у тым ліку і нацыянальны герой беларускага народа – Кастусь Каліноўскі.

У межах кампаніі #Kalinouski2019, якая дзейнічае ў Беларусі і збірае ў сваіх шэрагах гісторыкаў, музыкаў, грамадскіх дзеячаў цягам бліжэйшых месяцаў адбудзецца шмат імпрэзаў па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863-64 гадоў. Адным з асноўных з’яўляецца запрашэнне беларусаў у Вільню на перапахаванне парэшткаў паўстанцаў, якія знайшлі на гары Гедыміна.

Беларускае Радыё Рацыя