Гімназіі ў Беларусі будуць набіраць першыя класы «па прапісцы»



З 1 верасня гімназіі прымаюць дзяцей без іспытаў, але «па прапісцы». У тых гімназіях, дзе не было пачатковай школы, яна павінна з’явіцца.

У сталіцы дамы, «прыпісаныя» да гімназій, пачалі карыстацца падвышаным попытам: з’явіліся аб’явы пра куплю часовай рэгістрацыі ў канкрэтных рэгіёнах. Кошт даволі ўмоўны – 200 рублёў. Але для кагосьці гэта выдатная магчымасць зарабіць, піша «Вячэрні Брэст».

Што тычыцца Берасця, то такога ажыятажу тут пакуль не назіраецца. Прыём заяў у гімназіі пачнецца 12 чэрвеня, а скончыцца 28 жніўня. Пры гэтым прымацца будуць заявы і тых, хто тэрытарыяльна адносіцца да навучальнай установы, і тых, хто жыве ў іншых раёнах, але хоча вучыцца менавіта тут. Апошнія будуць набірацца ў гімназіі па рэшткавым прынцыпе, калі застануцца вольныя месцы. Гэта значыць, што шанцаў трапіць «не па прапісцы» больш у тых, хто падасць заявы ў першыя дні прыёму заяў.