Гістарычны хакатон наблізіць да моладзі падзеі Другой сусветнай вайны
18-20 кастрычніка ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау (IBB Менск) упершыню пройдзе міжнародны гістарычны хакатон #Hack4history, у якім прымуць удзел каманды з Беларусі, Расеі, Украіны і Германіі.
Першы міжнародны гістарычны хакатон будзе прысвечаны сучасным тэхналогіям і IT-рашэнням у гістарычнай адукацыі, папулярызацыі месцаў памяці для моладзі пра Другую сусветную вайну.
«На працягу 5 гадоў IBB Dortmund сумесна з IBB Minsk рэалізуюць праекты на тэму еўрапейскай культуры памяці, у якіх удзельнічаюць гісторыкі, журналісты і педагогі з Сярэдняй і Усходняй Еўропы, – адзначае Сабрына Бабоўскі, дырэктар IBB Minsk. – Гістарычны хакатон мы праводзім упершыню і вельмі рады, што ён выклікаў вялікую цікавасць сярод патэнцыйных удзельнікаў. Спадзяемся, што новы фармат мерапрыемства дапаможа ўдзельнікам не толькі лепш зразумець адзін аднаго, але і наладзіць прафесійнае супрацоўніцтва для рэалізацыі ў будучым сумесных праектаў«.
У #Hack4history прымуць удзел 14 каманд гісторыкаў, выкладчыкаў, музейных работнікаў, прадстаўнікоў профільных устаноў з Беларусі, Расеі, Украіны і Германіі. Каманды прадставяць ідэі праектаў па папулярызацыі культуры памяці аб Другой сусветнай вайне з дапамогай сучасных тэхналогій: прататыпы сайтаў, мабільных праграм, мультымедыйных праектаў, інтэрактыўных карт і іншыя.
На працягу 48 гадзін удзельнікі #Hack4history сумесна з экспертамі ў галіне IT, дызайну, PR, гісторыі і СМІ будуць працаваць над прататыпамі адукацыйных IT-праектаў. Тры найлепшых праекта атрымаюць фінансаванне ў якасці экспертнай падтрымкі на суму да 3000 еўра ў эквіваленце на дапрацоўку канцэпцый да паўнавартасных прадуктаў. З кастрычніка па сакавік пераможцы будуць працаваць з экспертамі, а гатовыя праекты прадставяць на Форуме ў Менску ў сакавіку 2020 года.
Арганізатарамі хакатона выступаюць Міжнародны адукацыйны цэнтр у Дортмундзе (IBB Dortmund), Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау (IBB Minsk) сумесна з фондам развіцця Берасцейскай крэпасці, фондам «Халакост» (Расея), Украінскай асацыяцыяй вуснай гісторыі і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Германіі.