“Гістарычны сцяг” з сімволікай Расейскай Імперыі – у берасцейскім кадэцкім класе
У берасцейскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што кадэцкаму класу сярэдняй школы №35 уручаць, так званы, “гістарычны сцяг” з сімволікай Расейскай Імперыі. На гэтую інфармацыю звярнуў увагу і адрэагаваў кіраўнік ініцыятывы “За свой горад” і старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП “Грамада”) Ігар Маслоўскі:
– Хочуць яго ўручыць у канцы года гэтаму класу. Яны плануюць нейкую імпрэзу. Хто будзе ўручаць, як уручаць? – пакуль невядома. Гэтае пытанне мы павінны высветліць: як збіраюцца выхоўваць будучых вайскоўцаў у Берасці пад сцягам іншай краіны?
Фота меркаванага сцяга з двухгаловым арлом і гербам Масквы Маслоўскі апублікаваў у сваім Facebook. “Бліжэйшым часам мы збіраемся высветліць не толькі пра тое, якое патрыятычнае выхаванне сярод кадэтаў атрымаецца са сцягам іншай дзяржавы, але і пра тое, хто распарадзіўся пашыць гэты сцяг і з якімі мэтамі? А таксама, колькі і чыіх пайшло на сцяг грошай?”- падсумаваў Ігар Маслоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.