Шыльды са старымі назвамі вуліц з’явяцца ў Гародні



Прадубляваць старымі назвамі 16 гістарычных вуліцаў Гародні вырашыла тапанімічная камісія пры гарадскім выканаўчым камітэце. Па даручэнні ўладаў спіс з сарака трох гістарычных вуліцаў старога горада склаў гісторык Андрэй Вашкевіч. Камісія высока ацаніла падрыхтоўчую працу гісторыка.

– Ініцыятыва вельмі актуальная, своечасовая і вельмі патрэбная, таму яе трэба падтрымліваць. Хоць калі гэтая ідэя паўстала (зрабіць такі спіс вуліцаў), то рэалізацыя аказалася больш складанай, чым думалася на пачатку. Бо папросту немагчыма на працягу ўсёй нашай гісторыі (а першыя вуліцы з афіцыйнымі назвамі з’явіліся ў XV стагоддзі) прасачыць паслядоўна ўсе змены назваў вуліцаў, гэта, бадай што, немагчыма.

Першымі ідэю дублявання старых назваў вуліцаў ажыццявілі ў Менску. Але там стары горад вельмі малы і дубляванне закранула літаральна дзясятак вуліцаў. У выпадку з Гародняй, дзе гістарычны цэнтр у дзесяць разоў большы за менскі, мясцовая тапанімічная камісія вырашыла ісці паэтапным шляхам. Кажа сябра камісіі, гісторык архітэктуры Ігар Трусаў.

Больш за тысячу чалавек падпісала гэтую петыцыю, каб прадубляваць вуліцы. І ёсць другая праблема: у нас многія вуліцы маюць па 15 назваў, пачынаючы з XVI стагоддзя. Для турыстаў, якія прыязджаюць сюды, прасцей прадубляваць назвы гістарычных вуліцаў у сучасным варыянце транслітарацыі – на англійскай мове. Няхай усе яны – нямецкія, польскія, старабеларускія назвы – будуць па-ангельску, бо турыстам так будзе прасцей. Але ж мы не турысты, і мы адказваем за наш горад.

Мова, на якой будуць пазначаны старыя назвы вуліцаў і плошчаў, – беларуская, прадубляваная лацінкай. Шыльды з’явяцца на дамах ужо ў лютым-сакавіку. Выраблены некаторыя іх узоры. У спіс дублявання назваў увайшлі вуліцы Стэфана Баторыя, Вялікая Траецкая, Будзёнага, Гараднiчанская, Кірава, Леніна, Карла Маркса, Элізы Ажэшкi, Кастрычніцкая, Парыжскай Камуны, Свярдлова, Савецкая, Сацыялістычная, Тэльмана, Урыцкага і Савецкая плошча.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня