Гісторык: 9 мая адзначаюць, пакуль жывыя ветэраны
У еўрапейскіх краінах 8 мая адзначаюць Дзень памяці і прымірэння, які прысвечаны заканчэнню Другой сусветнай вайны. У Беларусі афіцыйнае свята адбываецца 9 мая. Ці трэба адзначаць гэты дзень і чаму, кажа гісторык Андрэй Борка:
– Напэўна, пакуль жывуць ветэраны, гэтае свята трэба адзначаць. Але напаўняць яго ўжо іншым зместам. Таму што вырастае новае пакаленне людзей, якія не памятаюць вайну. Трэба паказваць прыклад, што нельга, каб геапалітычная сітуацыя накалялася да такога сусветнага канфлікту. На прыкладзе 9 мая прывіваць прынцыпы гуманнасці, чалавечнасці, павагі да розных народаў, веравызнанняў.
На думку Уладзіміра Татарнікава, пастара лютэранскай абшчыны з Гародні, адзначаць 9 мая трэба, каб вайна ніколі не паўтарылася:
– Гэты дзень, як памяць пра пабеду над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Я лічу, што мы павінны адзначаць такія святы, каб такое ніколі не паўтарылася. Каб вайны паміж дыктатурамі, паміж краінамі, якія лічаць сябе першымі ў свеце, не было. Я лічу, што неабходна ўспамінаць, гаварыць маладому пакаленню. Таму што як толькі мы забудзем, гэта можа адразу паўтарыцца.
У Беларусі гарады ўпрыгожаны рознымі лозунгамі і транспарантамі, якія кажуць пра перамогу ў 1945-м годзе, на цэнтральных плошчах гарадоў адбудуцца імправізаваныя парады перамогі і будуць гучаць канцэрты з песнямі з савецкага мінулага.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Mapio.net