Гісторык налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў у Беларусі



Гісторык Ігар Кузняцоў налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў ахвяр савецкіх рэпрэсій, у тым ліку 12 — у Менску і яго ваколіцах. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні аргкамітэта па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб’яднання „Вяртанне памяці”, якое адбылося 18 студзеня ў Менску.

Паводле дадзеных Кузняцова, расстрэлы праходзілі па меншай меры ў 48 населеных пунктах: Менску, абласных і буйных раённых цэнтрах, іншых месцах.

Гісторык адзначыў, што ў даступных афіцыйных крыніцах вельмі складана ўстанавіць месца расстрэлу. „Нідзе не напісана дата прывядзення прысуду ў выкананне. У лепшым выпадку гэта можна ўстанавіць у архіўна-следчай справе. І то мы сустракаем такую інфармацыю: расстраляны 23—26 кастрычніка 1937 года — аказваецца, па меры запаўнення ямы. Але гэта такі выпадак, калі хоць бы ўмоўна можна сказаць, што гэта быў кастрычнік. Насупраць графы „вышэйшая мера пакарання — расстрэл” у лепшым выпадку ўказана мінская або іншая турма, дзе ўтрымліваўся чалавек. І тое толькі ў 30% выпадкаў можна ўстанавіць, дзе чалавек знаходзіўся. Дзе ён быў расстраляны — гэта пытанне засталося абсалютна не высветленым”, — сказаў гісторык.

Паводле яго прыкладных падлікаў, 370 тыс. чалавек магло быць расстраляна падчас рэпрэсій у 1917—1953 гадах, што, адзначыў ён, адрозніваецца ад афіцыйнай лічбы больш чым у 10 разоў.

Сярод расстраляных, паводле падлікаў Кузняцова, 57% з’яўляліся беларусамі, 25% — палякамі, 7% — яўрэямі, а таксама рускімі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў. Паводле сацыяльнага статусу гэта былі ў асноўным сяляне і рабочыя — 85%. „Гэта сведчыць аб тым, хто такія былі ворагі савецкай улады — сяляне, рабочыя, а інтэлігенцыя на фоне гэтых 85% выглядае адгалоскамі 1917 года”, — сказаў ён. Дата гібелі расстраляных, паводле афіцыйнай базы, падкрэсліў Кузняцоў, не вядомая ў 70% выпадкаў. „Толькі ў 25% выпадкаў хоць бы пазначаны горад”, — адзначыў ён.”Можна зрабіць выснову, што кампартыя Беларусі, НКУС БССР вінаватыя ў здзяйсненні злачынства, у прыватнасці правядзенні масавых рэпрэсій супраць як савецкіх, так і замежных грамадзян (у гэтым выпадку мы кажам, у першую чаргу, пра падзеі 1940 года)”, — заявіў Кузняцоў.

Беларускія ўлады рыхтуюцца правесці на дзяржаўным узроўні маштабнае святкаванне 100-годдзя кастрычніцкага перавароту 1917 года, які паклаў пачатак масавым рэпрэсіям. Не ўсе беларусы згодныя з гэтым.

Гаворыць Ганна Шапуцька, сябра аргкамітэта па стварэнні  аб’яднання «Вяртанне памяці».

—  На сядзібе БНФ адбыўся брыфінг, прысвечаны 80-годдзю вялікага тэрору, сумнай даце беларускай гісторыі. Менавіта ў 1937 годзе і пачаўся страшны дзяржтэрор. Быў прыняты дакумент, які называецца зварот да грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў усяго свету, якія заклікае ўсіх неабыякавых  грамадзян Беларусі і усіх беларусаў свету далучыцца да ушанавання памяці ахвяр вялікага тэрору, і наогул, ахвяр усіх палітычных рэпрэсій.

Колькасць рэпрэсаваных у савецкія часы беларусаў афіцыйныя ўлады заніжаюць у дзясятак разоў. Даследчык Ігар Кузняцоў давёў гэта на брыфінгу дакументамі. Пры ўсіх прэтэнзіях да яго паблікаў з боку КДБ, яго ані разу ў судовым парадку не абвінавацілі ў паклёпе.