Гісторыка Супрона выклікалі ў міліцыю
Гісторык Мечыслаў Супрон быў выкліканы ў міліцыю за акцыю, якую ён правёў 18 чэрвеня ў цэнтры Гародні.
У той дзень хлопец прымацаваў да Старога моста расцяжку з надпісам “Нёман атручаны Лідскім ЖКГ”.
Кажа Мечыслаў Супрон:
– Мне патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС. Маёр Шутовіч прапанаваў мне з ім сустрэцца для высвятлення абставін. На маё пытанне: з якой нагоды, быў адказ, што гэта не тэлефонная размова. Прапанавалі нават самі да мяне пад’ехаць, але я сказаў, што сам да іх прыеду. Быў складзены пратакол па факце парушэння закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Цяпер буду чакаць суда.
Мечыслаў Супрон канстатуе, што прадстаўнікі міліцыі ў РАУСе цікавіліся дзеяннямі гісторыка:
– Было зададзена пытанне, чаму я вырашыў правесці менавіта пікет, а не напісаў якісьці артыкул. Я растлумачыў, што колькі было артыкулаў напісана, але ж няма ніякага плёну. І я вырашыў правесці такую акцыю, каб тым самым выказаць сваё абурэнне, пратэст і праінфармаваць людзей, што іх жыццё падвяргаецца небяспецы.
Гісторык лічыць, што пасля купання ў атручаным Нёмане ў яго сына паднялася тэмпература, а сам ён атрымаў скураную хваробу, якую засведчыў ў Гарадзенскім скурвендыспансэры.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня