Гісторыя аднаго медаля альбо вуліца 5-га сакавіка ў Пінску



Заняўшы Пінск бальшавікі праявілі жалезную логіку ў перайменаванні вуліц. Так “5-га Сакавіка” стала “8-га Сакавіка”, а “Рrosto” (па-польску прамая), чаго голаву ламаць – “Простай”. Касцюшку змянілі Леніным і гэтак далей, але ў дадзеным выпадку цікавіць вуліца “5-га Сакавіка”.

Такім чынам у 1920-х гадах улады ўшанавалі памяць пра падзеі 5 сакавіка 1919 года, калі горад над Пінай заняла група “Палессе” пад началам генерала Антонія Лістоўскага. Пачынаўся першы перыяд уваходжання Пінска ў склад міжваеннай Польшчы, праўда, ён аказаўся не доўгі і не выразны. Ужо ўлетку 1920 года на два месяцы саветы зноўку занялі сталіцу Палесся. Да таго ж у тыя гады што толькі не рабілася на Піншчыне.

За пяць год Пінск пабываў у пяці краінах

Зрынуўшы Мікалая ІІ, былую Расейскую імперыю, так і не стаўшую дэмакратычнай рэспублікай, ахапіла моцная ліхаманка. Грамадзянская вайна перамалола мільёны лёсаў. Штодня зменьваліся ўрады не тое, што ў буйных гарадах, кожны павет пераходзіў на самакіраванне. Міхаіл Булгакаў апісаў, як Кіеў пераходзіў з рук у рукі не тое, што па днях, а нават па часах. Сітуацыя характэрная і для Палесся.

У 1915 годзе Пінск апынуўся пад нямецкай акупацыяй. Праз два гады яго ў свой склад уключыла Украінская Народная Рэспубліка, а праз некалькі месяцаў Беларуская Народная Рэспубліка. Саветы то бралі ўладу, то беглі ад польскага войска. Станіслаў Булак-Балаховіч аб’яўляў горад над Пінай сваёй стаўкай, нельга пакідаць без увагі і Палесскае паўстанне.

Medal1

Польскія жаўнеры, 1919 год.

Хто ж рэальна трымаў палескую сталіцу у 1917-1921 гады? Ды кожны па-троху і галоўнае, што прыўносілі ў жыццё палешукоў нешта новенькае.

УНРаўцы заняліся арганізацыяй навучальных устаноў. З мэтай украінізацыі, сюды ехалі выпускнікі спецыялізаваных курсаў з Кіева, Львова, Івана-Франкоўска. Мясцовых юнакоў вывозілі да Берасця, дзе праходзіла навучанне ўкраінскай мове, літаратуры і гісторыі. Ствараліся кааператывы. Прэм’ер-міністр Украіны Барыс Мартас лічыў, што праз грашовыя патокі, эканамічныя сувязі буйных гарадоў з цэнтрам умацоўваецца дзяржава. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем УНР, Палессе атрымала назву “Дрыгавіцкая зямля”.

Medal2

Штандар Пінска-Валынскага добраахвотніцкага батальёну, 1918 год.

Станіслаў Булак-Балаховіч, пэўна ведаючы, як ягоныя хлопцы могуць пагуляць, першым чынам загадаў у Пінску ствараць атрады самааховы для падтрымання парадку. Узніклі нават габрэйскія ўзброеныя фармаванні.

У горадзе знаходзілася база Пінска-Валынскага добраахвотніцкага батальёну, які складаўся з афіцэраў і салдат былой царскай арміі. Батальён узначальваў Антон Бахенскі. Прынамсі ў Пінск з “чырвонай” Расеі прыехала шмат уцекачоў: інтэлегенцыя, дваране, вайскоўцы. У горадзе над Пінай яны стваралі свае таварыствы, выдавалі газеты, вылучалі прадстаўнікоў у мясцовыя органы самакіравання. Як характэрна для ўсёй расейскай антыбальшавіцкай эміграцыі, ў Пінску не вызнавалі рэформы правапісу 1918 года, праведзенага саветамі. Пасля падзей 1939 года многія збеглі далей на Захад.

БНРаўцы рабілі хучэй дэкларатыўныя захады. Абмяркоўвалі будучыню Палесся ў Кіеве. Дарэчы, УНР вызнавала права беларусаў на гэтыя тэрыторыі, але не збіралася саступаць. У “Дрыгавіцкай зямлі” абяцалі роўнасць моў, культурніцкую аўтаномію для беларусаў.

Medal3

Пастраенне на плошчы Пінска-Валынскага добраахвотніцкага батальёну, 1918 год.

Палесскае паўстанне 1918-1919 гадоў не было прабальшавіцкім, але мела левы характар. Пераважна яно адбылося на Піншчыне і Століншчыне. Зразумела, што палешукоў не задавальнала сітуацыя. Гвалт заставаўся без пакарання, у якасці падаткаў канфіскоўвалі ўсё ды незразумела, якая цяпер улада. Выступ мясцовых жыхароў у снежні 1918 года падхапілі бальшавікі, але ўжо ў лютым 1919 года паўстанне пацярпела паразу.

Польшча праявіла цікавасць да краю не толькі на словах, а са зброяй, таму згодна з Рыжскім мірным дагаворам ад 21 сакавіка 1921 года Заходняя Беларусь, у тым ліку і Пінск, апынуліся ў яе складзе. Але ж гэта было пазней, вернемся ў 1919 год.

Medal4

Дзяржаўная варта (паліцыя) УНР, 1919 год.

Правакацыя альбо наўмыснае знішчэнне габрэяў

Так супала, што роўна праз месяц, як у 1919 годзе Пінск занялі жаўнеры Антонія Лістоўскага, адбылася жудасная бойня. 5 красавіка ў горадзе размяркоўвалі гуманітарную дапамогу са Злучаных Штатаў Амерыкі. Сабралося звыш 150 гараджан габрэйскага паходжання. Польскі патруль палічыў, што адбываецца несакцыянаваны сход ды паведамілі ў камендатуру. Праз некалькі хвілін прыбыло больш жаўнераў і каля 65 габрэяў арыштавалі. Затрыманых накіравалі ў камендатуру, дзе афіцэр загадаў 35 гараджан расстраляць, а астатніх збіць у турме.

Па другой версіі ў момант размяркавання дапамогі хтосьці палічыў сябе пакрыўджаным і адыйшоўшы ад месца збору закрычаў, што вось там сход прыхільнікаў бальшавікоў.

Ёсць і трэцяя версія. Камендатура сцвярджала, што атрымоўвала загадзя даносы пра намер бальшавікоў правесці сход падчас раздачы гуманітаркі. У любым выпадку, міжнародная супольнасць асудзіла дзеянні жаўнераў, бо сітуацыя не патрабавала такога пакарання. Пачалося следства, але аніякага выніку не дало.

Затое насельніцтва Пінска насцярожылася і павысіліся сімпатыі да бальшавікоў.

Лагішын паўстаў за зямлю і хлеб

На поўначы, ў 18-кіламетрах ад Пінску, знаходзіцца мястэчка Лагішын, якое за ўсю Польска-Расейскую вайну, так і не змаглі заняць бальшавікі. Лагішын, як і многія паселішчы, што жылі за кошт зямлі ды сельскай гаспадаркі, першапачаткова віталі левы рух. Сельскаму насельніцтву сімпатызавала прапанаваная рэвалюцыянерамі зямельная палітыка, але калі справа дайшла да яе рэалізацыі, то пралілася кроў. Ад самой рэвалюцыі ў ваколіцах Лагішына дзейнічалі левыя актывісты, а ў 1919 годзе з Лунінца падцягнуліся узброеныя фармаванні бальшавікоў. Канфіскацыя правіянту ды маёмасці на карысць патрэб рэвалюцыі відавочна не спадабалася жыхарам.

У выніку лагішынцы паднялі паўстанне супраць бальшавікоў. Стварылі некалькі паўстанцкіх атрадаў. Мяшчане мелі дрэннае ўзбраенне, таму супраціў трымаўся на моцы духу ды невядома чым бы завяршыўся, каб не своечасовая дапамога жаўнераў з групы “Палессе”.

Medal5

Польская артылерыя і кавалерыя ўступілі ў Пінск, 1920 год.

Улетку 1920 года Чырвоная Армія перайшла ў вырашальнае наступленне і адкінула польскае войска да Варшавы. У той час, калі пад польскай сталіцай рыхтавалася самае галоўнае змаганне за ўсю вайну, Лагішын, знаходзячыся ў далёкім тыле Чырвонай Арміі, працягваў барацьбу з саветамі. У легендарнай Варшаўскай бітве, якая доўжылася амаль два тыдні, перамогу атрымала Польшча. Такога выніку не чакала не тое што Масква, а ўся Еўропа, якая рыхтавалася прыняць бальшавізм. Палякі не проста ўтрымалі Варшаву, а адкінулі Чырвоную Армію за Менск.

Medal6

Лагішын, пахаванні польскіх жаўнераў і паўстанцаў 1919-га году.

Палеская зямля захавала

Узгадаць пералічаныя гістарычныя падзеі аўтару гэтых радкоў давялося з-за нечаканай, але пэўна заканамернай знаходкі. Недалёка ад Пінска, ў вясковым агародзе, закручаны ў анучку ляжаў медаль “Польша свайму абаронцу”. Гэта яшчэ не ўсё: 20 нямецкіх пенінгаў часоў Першай Сусветнай ды вайсковыя значкі польскага войска. Дзіўна, як добра захавала палеская зямля ўзнагароду невядомага абаронцы. Медаль давалі ў 1920-я гады ўсім удзельнікам Польска-савецкай вайны.

Магчыма, нехта схаваў у 1939 годзе, каб не пабачылі саветы, а можа ў кагосьці ў спешцы проста выпала з кішэні. Цяпер не мае значэння, галоўнае, што захаваліся выбітыя нумары, па якіх адмыслоўцы маюць шанец даведацца карысную інфармацыю.

На Піншчыне ў часы міжваеннай Польшчы існавалі групы добраахвотнікаў, якія пераважна складаліся з ветэранаў вайны, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Medal7

Медаль “Polska Swemu Obrońcy” міжваеннага перыяду.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя