Гісторыя аднаго пандуса



Бярозаўская жыллёва-камунальная гаспадарка за два дні зрабіла пандус для выезду з двара на дарогу для інваліда першай групы з вёскі Лукомер Бярозаўскага раёна Уладзіміра Вялюка. Засталося дарабіць поручні. Два з паловай гады нерваў, вялікіх высілкаў спатрэбілася Уладзіміру, каб дамагчыся пандуса. Пасля асфальтавання вясковай дарогі, якую паднялі вышэй, ён не змог выязджаць са свайго двара на вазку. Яму трэба было паўзці на дарогу, валачы за сабою вазок і там садзіцца. Груканне ў дзверы ўлады плёну не прыносіла. Уладзімір Вялюк звярнуўся ў незалежныя СМІ. Кажа Вялюк:

Прыехалі з Бярозы, з Менска прыехалі. Нібы зрабілі, але засталося яшчэ парэнчы паставіць. Пыталі у сельсавета, а там адказалі БНФ-аўцы ці нешта такое. Я кажу, а да каго яшчэ звяртацца, калі ні да каго не дагрукаешся. Убачылі ў інтэрнэце прыехалі ды хутка зрабілі. А калі будзеш маўчаць, дык ніхто нічога рабіць не хоча.

Інвалід атрымлівае ад дзяржавы 300 рублёў пенсіі. Для яго патрэб – гэта мізэр. Таму зімой рамантуе вяскоўцам абутак. А ў цёплую пару года розную дробную селькагаспадарчую тэхніку.

Калі 30 гадоў таму пад час працоўнага дня ў машыну, у якой ехаў Вялюк, урэзаўся калгасны грузавік. Пералом пазваночніка і нерухомасць. Жыццё 24-гадовага мужчыны падзялілася на «да» і «пасля». І толькі дапамога родных зрабіла яго жыццё лягчэйшым.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя