Гісторыя двароў пераменаў – фотарэпартаж



Рэвалюцыя ў Беларусі пачалася не з вялікіх праспектаў і шырокіх вуліцаў, дзе праходзілі сотні тысячаў людзей.

Пратэсты пачаліся і працягваюцца ў невялічкай кампаніі суседзяў па двары. Адтуль дзясяткі людзей, гуртуючыся вакол свайго двара, выходзяць у вуліцы, утвараючы дзясяткі тысяч рэчак людзей. Гісторыя двароў – гісторыя самой рэвалюцыі, што цягнецца ўжо саракавы дзень, другі месяц.

У дворыку на вуліцы Чарвякова пачынаецца нашая гісторыя. Тут ужо каторы тыдзень ідзе супрацьстаянне з сілавікамі. Менавіта тут месціцца знакаміты мурал з дыджэямі свабоды.

Прыслужнікі рэжыму амаль штодзённа замалёўваюць графіці на трансфармацыйнай будцы. Але гісторыя з графіці – толькі працяг гісторыі першых дзён пратэсту.

Ілля, праграміст з гэтага дворыка, распавёў нам тое, што гісторыя змагання цягнецца з 9 жніўня, калі сотні людзей, абуджаныя і расхваляваныя сумнавядомымі падзеямі ў Менску, пачалі з вокнаў свяціць ліхтарыкамі.

Менавіта тады, па словах нашага суразмоўцы, пачалося аб’яднанне жыхароў гэтага двара. Людзі пачалі абмяркоўваць сітуацыю ў краіне. Тады праваахоўнікі штовечар парушалі парадак: хапалі людзей па дварах, стралялі ў пратэстоўцаў, чуліся разрывы гранатаў. Жанчыны былі моцна напалоханыя ды імкнуліся неяк дапамагаць ацалелым пратэстоўцам.

Тады і паўстала ідэя з муралам на трансфарматарнай будцы, вакол якой пачалі збірацца людзі, маці з дзецьмі і іх бацькі.

З муралам адразу пачалі змагацца ўлады: некалькі разоў замалёўвалі, але людзі зноў яго аднаўлялі. І кожным разам гэта штораз яднала людзей.

У бліжэйшыя выходныя адбыўся канцэрт гурта «Джэй-Морс». Канцэрт адбыўся на другім паверсе шматпавярховага будынка. Пасля гэтага была спроба затрымання лідара гурта, адбылося затрыманне графіціста і мясцовага жыхара.

Графіці было замалёванае, а таксама ахоўвалася на працягу некалькіх дзён.

Тым не менш, як толькі ахова мурала была знятая, ён быў зноў адноўлены, а потым зноў замаляваны. Гэта адбываецца шматразова, але за кожным разам усё большая частка людзей аб’ядноўваецца.

На Маршы Герояў прысутнічала каля 2 тысячаў людзей з плошчы Пераменаў. Адтуль людзі рушылі і прыйшлі на месца збору каля Стэлы. Спадзяемся, што гэтая гісторыя працягнецца і людзі працягнуць кансалідавацца і пратэставаць.

У Менску з’яўляюцца ўсё больш і больш графіці на трансфарматарных будках. Вакол іх у дварах абʼядноўваюцца людзі, а такія двары становяцца «Дварамі Пераменаў». 

Беларускае  Радыё Рацыя