Гісторыя Гародні коштам у аднапакаёвую кватэру



Музей, дзе прадстаўлена гісторыя Гародні ад ХІІ стагоддзя да 1961 году, пачаў працу ў культурным цэнтры “Фестывальны”, што па вуліцы Тэльмана.

Экспазіцыя, створаная за апошнія 12 год працы, каштавала краязнаўцу Ігару Лапеху больш за 15 тысяч даляраў, але на думку самога стваральніка – гэта вялікая навуковая праца.

– Навукова вывераныя аб’екты. Не толькі мной вывучаныя. Напрыклад, Стары Замак у мяне амаль што цалкам супадае з праектам архітэктара Бачкова, які зрабіў праект рэканструкцыі Старога Замка на час Стэфана Баторыя. Тое самае Фарны касцёл, ён напачатку 19 стагоддзя добра быў абмераны архітэктурна, таму аднавіць Фарны касцёл не ўяўляе складанасці.

На думку стваральніка экспазіцыі Ігара Лапехі, такая гісторыя Гародні будзе цікавая не толькі гарадзенцам, але і гасцям гораду.

– Для гасцей гэта “замануха” ў Гародню. Мажліва яны будуць расчараваныя, калі паглядзяць, як зараз выглядае Стары Замак, або Новы Замак. Зразумеюць, што гэта сапраўды былі архітэктурныя перліны і каштоўнасць для нашай гісторыі.

Для тых,  хто завітае ў экспазіцыю, дзе прадстаўлены макет старажытнай Гародні, вялікім бонусам будзе аўдыёэкскурсія ў мінулае гораду, якая ўжо ў бліжэйшыя дні будзе гучаць па-беларуску, па-расейску, па-польску і па-ангельску.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя