Гісторыя на Дзяды. Пахавальныя традыцыі палешукоў



Нягледзячы на тое, што ўжо мінула 20 год, як старажытнае народнае свята Дзяды пазбаўлена статусу дзяржаўнага і афіцыйным Днём памерлых лічыцца Радаўніца, але 2 лістапада застаецца знакавым для вернікаў на Палессі. Яшчэ чуваць рэха даўніх традыцый і павер’яў, якія існавалі на гэтай зямлі.

Дзякуючы даследаванням амерыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд і расейскага гісторыка, фалькларыста Дзмітрыя Булгакоўскага маем магчымасць даведацца, што значыла смерць у жыцці краіны багнаў, як хавалі і даглядалі за могілкамі на Пінскім Палессі.

Булгакоўскі ў сваім зборніку “Пінчукі” за 1890 год апісвае лад тутэйшых жыхароў характэрны для другой паловы ХІХ стагоддзя. Ён падкрэслівае набажнасць палешукоў, але разам з тым, адзначае, як моцна шануюцца звычаі, цалкам неадпавядаючыя хрысціянскім канонам. Ягоныя “Пінчукі” ўвабралі ў сябе 257 разнастайных па змесце песняў з характарыстыкай і заўвагамі па іх асаблівасцях і мове, 210 загадак з адгадкамі і 65 прыказак і прымавак.

Луіза Арнер Бойд у 1936-37 гадах выдала ў заходнім друку артыкул “Пінскія балоты” і зборнік у Нью-Ёрку “Польская правінцыя”, якія аздобіла сотняй здымкаў, зробленых на Палессі ў ходзе восеньскай экспедыцыі 1934 года. Па сутнасці, гэта было знаёмства Захаду з беларускім Палессем, адкрыццё свету самабытнасці і прыгажосці краю.

mogl1Луіза Арнер Бойд (1887-1972) і Дзмітрый Булгакоўскі (1843-1918?)

„Палешукі лічылі, што душа адыходзіць тады, калі нехта зноў памрэ ў сяле”

Булгакоўскі быў святаром пры Пінскай епархіі ў 1870-1875 гадах, служыў у Пінску і вёсцы Купяцічы, што за 5-7 кіламетраў на усход ад горада. Айцец Дзмітрый належыў да праўдарубаў і не пагаджаўся з махлярствам духавенства, таму неўзабаве яго выслалі з Піншчыны, але паспеў заўважыць шмат з тутэйшага жыцця:

“Калі чалавек памірае, то ў хаце запальваюць Багаяўленскую свечку, і ставяць у галовах паміраючага, каб Бог даў лёгкую смерць. Лічаць за грэх доўга трымаць нябожчыка. Вераць, што па выхадзе з цела душа застаецца ў хаце на покуці 6 тыдняў, да таго часу, пакуль не памрэ хто ў сяле, а пасля гэты ідзе на супакой. Нябожчык усё чуе да таго часу, пакуль не заспяваюць. Адразу пасля смерці хатнія ідуць да суседзяў і клічуць у свой дом з той верай, што так будуць клікаць святыя нябожчыка ў царства нябеснае. Для мыцця трупа запрашаюць адмысловых жанчын, заўсёды бабулек і прытым цотную колькасць, у адваротным выпадку нябожчык зробіцца русалкай. Хаваюць нябожчыкаў у шапцы. Калі капаюць магілу, бяруць адсюль зямлю і пасыпаюць на лаву, на якую кладуць нябожчыка. Пасля таго, як вынесуць цела нябожчыка з хаты, адна з жанчын пасыпае жытам па лаве, дзе ляжаў нябожчык, і па ўсёй хаце”.

Пасля 1875 года Дзмітрый Булгакоўскі ні разу не быў на Пінскім Палессі, а ўжо тым больш не арганізоўваў сюды навуковых экспедыцый. Усе назіранні, заўвагі, даследаванні ён зрабіў падчас службы ў Пінску і Купяцічах. Каля дзесяці гадоў яму спатрэбілася, каб асэнсаваць свае запісы і падрыхтаваць іх да публікацыі:

“Калі адносяць памерлага на могілкі, то ў хаце хто-небудзь застаецца, інакш у хуткім часе памрэ іншы член сям’і. Калі вязуць памерлага на могілкі, нельга стаяць і глядзець у акно, таму што ў першым выпадку будзе смярдзець з рота, а ў другім – забаляць вочы. Калі святар, што хавае нябожчыка, азірнецца назад, то хутка яшчэ хто-небудзь памрэ ў сям’і. Калі вязуць нябожчыка, нельга апярэджваць працэсію на кані, інакш здарыцца няшчасце. Труну вязуць на могілкі заўсёды закрытай, таму што, калі паглядзіць нябожчык, то ўвесь свет памрэ. У магілу кладуць яйка, а таксама чыстую бялізну, тытунь і трубку, калі нябожчык курыў, а табакерку, калі тытунь нюхаў, таксама святую ваду ў бутэльцы, а ў некаторых месцах грошы і гарэлку. Калі апускаюць нябожчыка ў магілу, сваякі кідаюць туды замок, для таго, каб больш не паміралі ў сям’і. Падчас пахавання бліжэйшыя родныя нябожчыка носяць на могілкі пабітыя гаршкі, каб не сумаваць па нябожчыку. З гэтай жа мэтай старэйшыя з дома бяруць зямлю за пазуху, калі ў магілу апускаюць цела”.

mogl2Могілкі на Палессі, першая палова ХХ стагоддзя.

Не менш цікава, што робілася пасля пахавання. Дарэчы Булгакоўскі таксама апісвае дзіўны звычай – класці на магілу калоду, якую палешукі называлі “нарубамі”:

“Кожны, хто вярнуўся з могілак, мые рукі для таго, каб у нябожчыка была чыстая душа, як рукі… Вярнуўшыся з могілак, хатнія і ўсе, хто быў на пахаванні, садзяцца за стол і перш за ўсё памінаюць хлебам або мёдам. Пры гэтым кажуць: „Вечная яму памяць, дай Божа яму неба, а нам здароўе; няхай са святымі спачывае, а нас доўга чакае. Дай жа Божа яму на тым свеце царства нябеснае, а нам у гэтым свеце, каб Бог працягваў лета з дзеткамі і з жывёлаю”. У першую ноч пасля пахавання ставяць на стол у талерку ваду і булку хлеба, мяркуючы, што душа памерлага прыйдзе ў госці і будзе есці і піць. У саракавы дзень робяць так званыя прыкладзіны. Прыкладзінамі называецца калодка велічынёй з труну, якую кладуць на магілу. Гэта робіцца для таго, каб нябожчыкі, прыйшоўшы ў царкву, садзіліся на гэтых калодках і адпачывалі. У гэты ж дзень кладуць на магілу бліны, арэхі, кавуны і гарэлку”.

Нешта дайшло да нашых дзён, але нехта пераканаўча, магчыма, заявіць, што сэнс многіх абрадаў сучаснікі не ведаюць, а робяць, бо так рабілі іх дзеды ды прадзеды.

mogl3  Старажытныя могілкі ў Мясяцічах, што за 25 км ад Пінска.

Могілкі на астраўках і догляд за імі

Луіза Арнер Бойд шмат чаму здзіўлялася на Палессі, не хавала, наколькі яе ўразіў гэты ўнікальны край. Між іншага, яна бачыла могілкі, якія знаходзіліся пасярод вады. Распаўсюджаная да меліярацыі з’ява на Піншчыне, калі цэлыя вёскі складаліся з астраўкоў і людзі перасоўваліся па вуліцах на лодках, – наша Венецыя. Таму і могілкі рабілі на астраўках, а паўсюль было “мора”. Нябожчыка клалі ў труну, а пасля везлі ў лодцы і хавалі. Канешне, такое назіралася не паўсюль:

“Там, дзе рэльеф мясцовасці дазваляе, могілкі месцяцца на ўзгорках побач з вёскамі. Большасць з іх агароджана нефарбаваным драўляным плотам, некаторыя – калючым дротам. Магілы, над якімі ўзвышаюцца крыжы з нефарбаванага дрэва без прозвішчаў альбо іншай спасылкі на асобу, прыкрыты калодамі. Мноства невялікіх крыжоў сведчыць пра высокую смяротнасць сярод дзяцей”.

Амерыканка падкрэсліла, ад якой хваробы больш за ўсё пакутуюць людзі на балоце, – гэта рэўматызм. Жыхароў, якія дасягнулі сталага ўзросту, вандроўніца бачыла мала, казала, што ў асноўным сустракалася з асобамі сярэдняга ўзросту. Сапраўды, смяротнасць была вялікай як сярод дзяцей, так і дарослых. Медыцынскіх устаноў бракавала, але рэч не толькі ў лекарах, але і ва ўмовах працы.

“Пастаяннага догляду за могілкамі няма, але раз на год, на Вялікдзень, людзі прыходзяць сюды, каб абвязаць драўляныя крыжы даматканым палатном і пакласці на край магіл звараныя ўкрутую яйкі”.

Кажучы пра догляд, трэба звярнуць увагу на самое стаўленне палешукоў да ўсяго, што звязанае з тым жыццём. Гэта была тэма не для штодзённых размоў. Нельга проста так турбаваць свет памерлых.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск