Гісторыя Сафіі Цярэнцьевай: адлічэнне з вучобы, затрыманне, штраф, закрыты суд
У судзе Кастрычніцкага раёна 19-гадовую віцяблянку судзілі па двух пратаколах за правядзенне аднаасобных пікетаў. Суддзя Уладзімір Царыкаў зрабіў працэс закрытым: яму не спадабалася, што два чалавекі не падняліся падчас ягонага з’яўлення ў залі, і ён перанёс разбіральніцтва ў свой кабінет. Вінаватасць Сафіі ў арганізацыі пікета ў падтрымку зняволенай праваабаронцы Марыі Рабковай суд давесці не змог. Але дзяўчыну аштрафавалі на 25 базавых велічынь ( 675 рублёў) за правядзенне пікета на знак салідарнасці з удзельнікамі студэнцкіх пратэстаў.
Пікет адбыўся 29-га кастрычніка, і ў той самы дзень яе адлічылі з каледжа, распавяла Сафія Цярэнцьева:
– Спачатку быў пікет, потым мяне адвялі да адміністрацыі. І пакуль складалі загад пра маё адлічэнне, адміністрацыя выклікала міліцыю. І як толькі мяне адлічылі і я пазнаёмілася з загадам, зайшлі супрацоўнікі міліцыі. Я адразу зразумела, што дахаты я сёння не вярнуся. Мяне трымалі пад вартай 72 гадзіны, а потым адпусцілі. Цяпер мне давядзецца плаціць і за ўтрыманне на “сутках”, і штраф.
Падтрымаць Сафію ў судзе прыйшла яе старэйшая сястра Караліна, якая таксама трапіла пад увагу міліцыі. Дзяўчына часта ходзіць на судовыя пасяджэнні, каб падтрымаць тых, каго судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту. З нядаўняга часу ў судах пачалі з’яўляцца бел-чырвона- белыя налепкі. І Караліна Цярэнцьева стала падазраванай за гэтыя дзеянні.
Увогуле ж сясцёр Цярэнцьевых трое. І ўсе трое – грамадскія актывісткі.
Найстарэйшая з іх, Станіслава. Яна ўжо з цяжкасцю падлічвае, колькі разоў за апошнія тры месяцы ёй давялося адстойваць сваю грамадзянскую пазіцыю:
-У мяне быў суд і штраф 12 базавых, у мяне арыштоўвалі тэлефон, было ў мяне тры затрыманні, у тым ліку за жаночы ланцуг з белымі кветкамі. Тады нас затрымалі людзі ў чорным, 5 гадзін трымалі ў аддзеле Кастрычніцкага раёну… Спачатку ў міліцыі не ведалі, што мы сёстры і потым здзіўляліся: “А што, Сафія гэта ваша сястра? І яшчэ ў вас Караліна ёсць? Што ж вы такія актыўныя?”
Дарэчы, на справы за жаночыя акцыі з белымі кветкамі віцебская міліцыя палічыла за лепшае проста забыцца. Суды за гэта не адбыліся, але Станіслава Цярэнцьева кажа, што ніхто з удзельніц не забыўся, як іх прыніжалі і абражалі ў міліцыі падчас затрымання.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск