Гісторыя з нападам на журналістаў атрымала працяг



Гісторыя з нападам на журналістаў у судзе Цэнтральнага раёна беларускай сталіцы атрымала працяг. Пасля судовага пасяджэння 6 студзеня над Дзмітрыем Лукашэвічам, якога абвінавачваюць у збіцці Міхаіла Пішчэўскага, сябры і сваякі абвінавачанага напалі на журналістаў – тэлеаператара Аляксандра Баразенку і карэспандэнта “Радыё Свабода” Алега Груздзіловіча, які гэты напад пачаў здымаць на відэа.

У Груздзіловіча нават забралі дыктафон, а потым закапалі ў двары ў снезе. Цяпер сястра абвінавачанага падае ў суд на журналістаў, расказаў у праекце “Месца для прэсы” Аляксандр Баразенка.

Аляксандр Баразенка: Даволі дзіўная “група падтрымкі” ў яго была. Адзін з тых, хто на мяне нападаў, увесь час крычаў, што ён прадстаўляе закон. А на пытанне: хто ён такі і дзе ягонае пасведчанне, ён не адказваў. Асаблівую актыўнасць праявілі маці абвінавачанага і ягоная сястра, якая спачатку кідалася на мяне і літаральна вісела на маіх руках, бо я падняў камеру ўверх, каб яе не адабралі. Спрабавала адабраць тэхніку, а калі пабачыла, што Алег Груздзіловіч здымае гэты інцыдэнт, яна накінулася на яго.

РР: На гэтым відэа здзіўляюць паводзіны супрацоўнікаў міліцыі, якія ніякім чынам не рэагавалі на інцыдэнт.

Аляксандр Баразенка: Так, рэакцыі супрацоўнікаў міліцыі не было вельмі доўга. Я не ведаю, чым гэта патлумачыць. Магчыма, банальнай разгубленасцю. Гэта не выглядала, як спланаваная акцыя.

РР: У зале суда нападаюць на журналістаў. Нейкім чынам гэтая сітуацыя будзе развязвацца? Як у такой сітуацыі можна сябе абараніць?

Аляксандр Баразенка: Сястра абвінавачанага пагражала мне і Алегу Груздзіловічу, што распачне супраць нас крымінальную справу, што пойдзе ў міліцыю пісаць заяву і здымаць пабоі. А мы абодва будзем працаваць на лекі для іх. Пагрозы выказвалі і іншыя, хто прыйшоў падтрымліваць Лукашэвіча. Гэтая сітуацыя атрымала цікавы працяг: адвакат Лукашэвіча заявіў пра тое, што, сапраўды, сястра зняла пабоі і выказала жаданне падаваць заяву ў суд, што нібыта журналісты яе збілі. Было заяўлена тое, што будзе пададзена ў суд і на партал TUT.by за тое, што ў сваім артыкуле па выніках паседжання яны апублікавалі словы сведкаў, і тым самым аказалі ціск на пракуратуру і на суд.

РР: А як вы будзеце сябе бараніць?

Аляксандр Баразенка: Бараніць мы сябе будзем вельмі проста – ў нас ёсць сведкі, якія бачылі, што канфлікт пачалі прадстаўнікі абвінавачанага. У нас ёсць відэазапісы. Мы, магчыма, у бліжэйшыя дні таксама звернемся ў міліцыю, бо ў выніку інцыдэнта сястра Лукашэвіча скрала ў мяне ветраахову для мікрафона – гэта дробязь, але ўсё ж такі факт. А ў Груздзіловіча забралі дыктафон, які пасля выкінулі ў снег. Мы хіба звернемся ў міліцыю таксама, каб зрабіць нейкі зваротны іск. І будзем глядзець, да чаго дойдзе гэтая справа. Калі што, мы гатовыя бараніцца ў судзе і даказваць, што ніякага нападу на сястру Лукашэвіча мы не здзяйснялі.

Журналісты гатовыя сябе бараніць. Тым больш на відэа, што здымалі таксама прысутныя ў зале суда, дакладна бачна, што гэта менавіта сваякі абвінавачанага Дзмітрыя Лукашэвіча справакавалі канфлікт, дадае Аляксандр Баразенка.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.tut.by