Глеба Рубанава будуць судзіць за рэпост
За „экстрэмісцкі” рэпост у сацсетках 16 траўня будуць судзіць ІТ-кансультанта Глеба Рубанава, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Рубанаў быў затрыманы ў ноч на 7 траўня за ўдзел у флэшмобе, удзельнікі якога публікуюць у сацсетках свае фотаздымкі з матэрыяламі з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў і хэштэгамі # яэкстрэміст і # яэкстремист. У 4.30 міліцыя выманіла мужчыну ў двор, спаслаўшыся на тое, што хтосьці пашкодзіў яго аўтамабіль. Рубанава даставілі ва УУС Савецкага раёна, дзе паведамілі пра затрыманне да суда. У міліцыі ён правёў 30 гадзін, пасля чаго быў адпушчаны, бо дзяжурны суддзя адмовіўся разглядаць справу, паведамляе БАЖ. Рубанаў напісаў скаргу на антысанітарныя ўмовы ўтрымання.
„Прымяненне механізму, што датычыцца барацьбы з экстрэмізмам, занадта шырокае, ён часта выкарыстоўваецца ў карных мэтах супраць грамадзян, якія не ўяўляюць пагрозы для іншых. Мая мэта — разваліць гэтую справу ў судзе. Сітауцыя, якая склалася, — узорная дыскрэдытацыя МУС, зробленая сіламі супрацоўнікаў гэтага ж міністэрства”, — заявіў Глеб Рубанаў.