Гледачы абскардзяць канфіскацыю ўкраінскай сімволікі



21 лістапада ў Менску прайшоў канцэрт украінскага гурта “Акіян Эльзы”, якога так чакалі. Але запомніўся ён, на жаль, больш тым, што АМАП канфіскоўваў у гледачоў любую ўкраінскую сімволіку. Гэтую тэму абмяркоўваем у эфіры з беларускім журналістам Аляксандрам Баразенкам і каардынатаркай сталічнага арг-камітэта па стварэнні Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Вольгай Кавальковай, якія былі на гэтым канцэрце.

Аляксандр Баразенка: Яшчэ на ўваходзе на “Менск-Арэну” пры даглядзе ў людзей канфіскоўвалася ўся ўкраінская атрыбутыка: сцягі, вянкі, жоўта-блакітныя стужкі. А ў час самога канцэрту пачалося сапраўднае паляванне на ўкраінскую сімволіку. Людзі ў цывільным самі яе не канфіскоўвалі, а выклікалі АМАП. Адзін з выпадкаў канфіскацыі сцяга мы змаглі зняць на відэа.

РР: Вольга Кавалькова, Марына Хоміч, Ксенія Лапская і Вікторыя Радзіеўская падалі скаргу ў РАУС і пракуратуру Цэнтральнага раёна Менска, «Менск-Арэну» і пасольства Украіны ў Беларусі ў сувязі з канфіскацыяй украінскіх сцягоў.

Вольга Кавалькова: Тыя, хто забараняў нам пранесці ўкраінскія сцягі, не мелі бэйджыкаў, адмовіліся паказаць дакументы і назваць сябе ці свае пасады. Сказалі, што прапусцяць нас толькі тады, калі  мы здамо сцягі ў камеру захоўвання. 

РР: Ці не падалося дзіўным, што Святаслаў Вакарчук са сцэны не агучыў, што гэта было менавіта 21 лістапада – гадавіна пачатку Еўрамайдану? Не разу не прагучала са сцэны “Слава Украіне!”

Аляксандр Баразенка: Сапраўды, і многіх гэта вельмі здзівіла. Бо пачаўся канцэрт з песні “Вставай!” і гледачы чакалі пасля яе нейкай прамовы, але гэтага не адбылося. Як высветлілася пасля, гэта былі ўмовы менскіх арганізатараў канцэрту, гарадскіх і магчыма рэспубліканскіх уладаў, каб гэта не стаў апошні канцэрт “Акіяна Эльзы” ў Беларусі.  

Вельмі прыкра, што ў творчасць, у праявы любові беларусаў да гэтага гурту ўлазіць дзяржаўная машына, нейкія МУСаўскія службоўцы, якія хоць і кажуць, што не змешваюць палітыку і канцэрт, але менавіта яны зрабілі з гэтага канцэрта палітычную акцыю.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Фота Facebook