Глыбачане даслалі лісты палітвязням
Сябры глыбоцкай суполкі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” у Сусветны дзень свабоды прэсы і друку, 3 траўня, даслалі лісты зняволеным журналістам. Глыбачане падпісалі ім паштоўкі з выявамі Глыбокага, павіншавалі іх з прафесійным і велікодным святамі.
Акрамя віншаванняў, у лістах яны выказалі словы падтрымкі і салідарнасці, а таксама спадзеў на хуткае вызваленне калегаў.
Як кажа кіраўніца глыбоцкай суполкі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Таццяна Смоткіна, вельмі важна быць салідарнымі з калегамі, асабліва цяпер:
– У такі цяжкі час для ўсіх беларусаў вельмі важна выказваць словы падтрымкі ўсім калегам і іншым палітвязням, ды ўвогуле ўсім тым, хто церпіць пераслед з боку ўладаў. Толькі салідарнасць мацуе нашую супольнасць, дае сілы працаваць і натхняе. А тым, хто знаходзіцца ў зняволенні, дае надзею на лепшае, надае аптымізму і ўмацоўвае іх дух. Гэта зараз вельмі важна для кожнага беларуса, бо ніхто не ведае, што будзе з ім, ці з яго калегамі, сябрамі, роднымі далей у такіх складаных умовах існавання. Але нягледзячы ні на што, трэба быць усё ж такі аптымістамі і спадзявацца на лепшае.
Таксама глыбачане даслалі віншавальныя лісты праваабаронцу з Гомеля Леаніду Судаленку і мастаку Алесю Пушкіну, які неаднойчы наведваў Глыбокае і ладзіў там перформансы.
Беларускае Радыё Рацыя