Глыбачане пра „Захад-2017”: Навошта пужаць людзей?



Адным – цікава, другім – весела, трэцім – рэальна страшна і непрыемна – такія пачуцці выклікаюць у глыбачанаў тэрытарыяльныя вучэнні “Захад-2017”.

Усё пачалося 14 верасня. У Глыбокім па мясцовым радыё, на сайтах раённай газеты і  райвыканкама было нават абвешчана аб увядзенні каменданцкага часу. Але нечакана 15 верасня мясцовыя ўлады спахапіліся і абверглі інфармацыю. Грамадскасці яны паведамілі, што ўвядзенне каменданцкай гадзіны праводзілася без практычнага прымянення мер па абмежаванні і мела асабліва навучальны характар.

Глыбачане распавядаюць пра сваё стаўленне да вучэнняў:

– Адмоўнае. Я сам прымаў удзел у вучэннях, але такога дурдому тады не было. З аўтаматамі ходзяць па вуліцах.

– Не патрэбна гэта, таму што пужаюць старых людзей.  Адна бабулька выйшла на вуліцу і ледзь не павалілася ад гэтых выбухаў. Кажа, што нават немцы ў вайну так не рабілі, як нашыя зараз робяць. Навошта так людзей пужаць?

– Страшна бывае, нават стралялі недалёка ад 3-й школы.

– Мініравалі бальніцу, “Еўраопт”, днём страляюць. Няхай вучацца, усялякае можа быць.

– А што мне гэтыя вучэнні? У іх свая праца, у мяне – свая. Я не разумею, навошта гэта? Трэба, каб мір быў. Навошта нам войны?

Падчас вучэнняў у Глыбоцкім раёне ўжо адпрацоўваліся задачы тэрытарыяльнай абароны, у тым ліку ў ахове і абароне важных аб’ектаў, барацьбе з дыверсійна-выведнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі.  18 верасня будуць адпрацоўвацца дзеянні пры  захопе закладнікаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота: Tut.by