Глыбачане далучыліся да ўсебеларускага «Маршу адзінства»
Яны сабраліся на цэнтральнай плошчы, дзе на пачатку зладзілі карагод і праспявалі беларускія песні. Потым сталі ў ланцуг салідарнасці і прайшліся шэсцем па горадзе пад песні «Перамен» і «Муры».
Увесь час за пратэстоўцамі сачылі міліцыянты, здымалі людзей на відэакамеру і папярэджвалі пра тое, што акцыя несанкцыянаваная. Побач дзяжурылі супрацоўнікі Глыбоцкай ДАІ і спыняла машыны, якія сігналілі ў знак салідарнасці.
Як кажа адзін з удзельнікаў акцыі, пратэстоўцам нават атрымалася дапамагчы аднаму з кіроўцаў:
– Убачылі, што чорную машыну спыніў «даішнік», і тут заклік быў, усе пагадзіліся і пайшлі ўсім натоўпам туды, каб выручыць гэтага кіроўцу. Супрацоўнік ДАІ гэта ўбачыў, хуценька адпусціў машыну і вярнуўся да сваіх. Мы нават і не паспелі падысці.
Нягледзячы на пратаколы і суды, якія адбыліся на мінулым тыдні, і ўлічваючы тое, што частка глыбачанаў паехала ў сталіцу, на «Марш адзінства» ў Глыбокім сабралася прыкладна столькі ж людзей, колькі і тыдзень таму.
Акцыя адбылася без затрыманняў.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя