Глыбачанкі далучыліся да акцыі салідарнасці супраць гвалту ў Беларусі



У Глыбокім прайшла жаночая акцыя. Больш за 50 дзяўчат і жанчын выйшлі на галоўную плошчу горада пераважна ў белым адзенні. Яны трымалі ў руках белыя балонікі з сэрцам, кветкі і плакаты з надпісам «Хопіць крыві!», «Мы за мір!», «Мы – народ, а не апазіцыя!». Жанчыны такім чынам выказалі свой пратэст супраць гвалту, які чыняць сілавікі ў Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў.

Ад такога ўчынку глыбоцкіх жанчын асабліва былі ў захапленні мужчыны. Кажуць відавочцы падзеяў:

– Было вельмі прыемна сёння, у нас таксама, як і ў іншых гарадах, была акцыя салідарнасці, на якую выйшлі жанчыны, маладыя дзяўчаты. Жанчыны сваім учынкам зрабілі, мабыць, нават больш, чым мы – мужчыны. Было вельмі прыемна за гэтым назіраць.

– Ад парка аж да «Роднага кута» стаяла больш за 50 жанчын! У руках трымалі кветкі,  балонікі, хтосьці з плакатам «Хопіць крыві!».

Падчас акцыі жанчын падтрымлівалі мінакі і аўтамабілісты. Машыны ім сігналілі ў знак салідарнасці, а мінакі паднімалі рукі ўгору.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Вадзіма Хлуса