Глыбокае: суды над пратэстоўцамі працягваюцца
10 базавых велічыняў штрафу 15 верасня атрымаў глыбачанін Анатоль Янцэвіч за ўдзел у акцыі пратэсту. Судовы працэс вёў суддзя глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч.
Па словах Анатоля Янцэвіча, ён чакаў, што яму прысудзяць штраф, бо ўсіх пратэстоўцаў каралі штрафамі, за рэдкім выключэннем. Некаторым нават давалі суткі арышту.
– Калі сумленна, то думаў, што менш дадуць. А тут з першага разу і 10 базавых уляпілі. Гэта, напэўна, ім зверху даюць указанні каму колькі даць. З усіх людзей, каго судзілі ў Глыбокім, толькі дваім не далі штрафу. Усім астатнім даюць штрафы.
14 верасня пасля сутак у ізалятары часовага ўтрымання ў суд Глыбоцкага раёна прывезлі Людмілу Барэйку і Яраслава Берніковіча, але суды над імі так і не адбыліся. Пасля абеду іх адпусцілі на волю да суда.
Як кажа Яраслаў Берніковіч, так зрабілі не выпадкова, а мэтанакіравана, каб перашкодзіць ім далей удзельнічаць у акцыях па выходных, як гэта было раней.
– З РАУСа, як і ў мінулы раз, прывезлі ў суд. А суда не адбылося. Я разумею, што трэба трымаць чалавека пад такім ціскам, бо яшчэ не вядома, калі, што, і “разумна” суд аб’явіць у пятніцу і які-небудзь прысуд, каб суткі прыпалі якраз на выходныя. То бок, двое выходных ты адбываеш пакаранне.
Людмілу Барэйку ў ІЧУ міліцыянты забралі з будынка суда ў пятніцу 11 верасня, а ў суботу невядомыя збілі яе няпоўнагадовага сына, і ён з чэрапна-мазгавой траўмай апынуўся ў лякарні.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя