Глыбоцкая міліцыя пераследуе пенсіянераў за ўдзел у сустрэчы з Ціханоўскім
На пенсіянераў Данііла Ермаковіча і Людмілу Барэйку з Глыбоччыны завялі адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Увечары 8 траўня да іх прыехалі два маёры міліцыі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан і Ігар Рыпінскі і склалі на іх пратаколы за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Падчас візіту блогера ў Глыбокае яны мелі адвагу ў часы татальнага страху выказаць сваё меркаванне на камеру Ціханоўскага пра сапраўднае жыццё ў Беларусі.
Як кажа Данііл Ермаковіч, у пратаколе было напісана, што ён прыняў удзел у пікеце, на якім выступіў без дазволу райвыканкама:
– Склалі пратакол, прымусілі распісацца. Яны сказалі, калі не будзеш распісвацца, забяром цябе на суткі. Да панядзелка пасядзіш у міліцыі, а пасля цябе на суд павязуць. І тады будзе відаць. Мне прыйшлося падпісаць іхныя паперы, і ў панядзелак паеду на суд.
Па словах Людмілы Барэйкі, у яе пратаколе напісана, што яна ўчыніла пікетаванне, чым парушыла артыкул 5 Закона Рэспублікі Беларусі аб масавых мерапрыемствах.
– Ажыццявіла пікетаванне шляхам публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных і асабістых адносін да дзеючай улады ў рэжыме анлайн на Ютуб-канале “Краіна для жыцця”. Без атрымання адпаведнага дазволу Глыбоцкага райвыканкама.
Як кажуць пенсіянеры, яны не шкадуюць пра тое, што казалі на камеру блогеру, бо яны казалі яму праўду пра тое, што адбываецца ў краіне. А гэта безгаспадарлівасць, карупцыя, несумленныя выбары ды іншае.
Нагадаем, 8 траўня па гэтай жа справе па абедзе забралі ў пастарунак глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача. Ён будзе знаходзіцца там усе выходныя да суда, які адбудзецца ў Глыбокім 11 траўня а 10.00 над ім, Даніілам Ермаковічам і Людмілай Барэйкай.
Беларускае Радыё Рацыя