Глыбоцкага журналіста аштрафавалі на 805 рублёў



35 базавых велічынь прысудзіў суддзя Глыбоцкага райсуда Андрэй Тарасевіч незалежнаму журналісту з Глыбокага Змітру Лупачу. Змітра судзілі ўжо ў новым будынку глыбоцкага суда, які адкрылі некалькі дзён таму.

 

Нагадаем, на глыбоцкага журналіста завялі адміністрацыйную справу за сюжэт пра далучэнне Глыбоцкага малочна-кансервавага камбіната да камбікормавага завода. Справу зноў ініцыявалі глыбоцкія міліцыянты, у прыватнасці старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц.

Зміцер Лупач лічыць, што яго пакаралі несправядліва:

—  Але гэта адбываецца паўсюль: і ў Гомелі і ў нас, у Глыбокім, і ў Менску зараз. Таму я лічу, што журналісцкай супольнасці трэба праз міжнародныя структуры, праз еўрапейскія, звяртацца да кіраўніцтва тых краін, каб неяк аказаць ціск на нашу краіну. Бо сам інстытут акрэдытацыі, які існуе ў Беларусі, трэба адмяніць. Наколькі я ведаю, ва ўсіх цывілізаваных краінах гэтага няма, чалавек можа свабодна распаўсюджваць інфармацыю.

Падчас адкрыцця новага будынка глыбоцкага суда Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала сказаў: «Тут ёсць усё, што патрэбна для правасуддзя,  і ў той жа час зроблена прыгожа і зручна». Але правасуддзя ў Глыбокім не адбылося – Зміцер Лупач быў зноў пакараны. Нягледзячы на тое, што, згодна з палажэннямі Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», толькі рэдакцыі СМІ могуць прыцягвацца да адказнасці па артыкуле 22.9. Ён датычыцца толькі  юрыдычных асобаў, а не фізічных.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя