Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача зноў аштрафавалі
25 базавых велічыняў штрафу, што складае 612,5 беларускіх рублёў, прысудзіў Глыбоцкі суд журналісту Змітру Лупачу па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ).
Суддзя Людміла Вашчанка вяла працэс каля 20 хвілін, але калегі Змітра змаглі трапіць толькі на выніковую частку пасяджэння суда. Незалежныя журналісты прыйшлі падтрымаць калегу, міліцыянты праверылі іх дакументы, сказалі чакаць, а потым не пускалі на пасяджэнне. Яны спасылаліся на тое, што працэс ужо пачаўся і там вядзецца допыт.
Толькі пасля таго, як Таццяна Смоткіна сказала, што будзе пісаць скаргу на імя галоўнага суддзі, журналістаў пусцілі ў пакой, дзе вёўся працэс.
– Калі зайшлі, то мы там прасядзелі ўсяго хвілін 3-ы -4-ы. Хутка быў аб’яўлены прысуд. Але бачна, што ўсё загадзя было напісана і абмеркавана.
Па словах Змітра Лупача, сёння ў яго, сапраўды, быў незвычайны суд: яго судзілі напярэдадні дня народзінаў, не пусцілі з відэакамерай. Цікава, што ва ўсе іншыя будынкі суда пускалі, а ў Глыбокім не.
– Суддзя не дазволіла мне поўны выступ, бо я падрыхтаваў спасылкі на ўсе артыкулы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, напрыклад, артыкул 8, які прызнае прыярытэт міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць заканадаўства, арыткул 33, што кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і свабоднае выказванне, і яшчэ іншыя артыкулы Канстытуцыі, а таксама вытрымку з Хельсінскага акта 1974 года і артыкул 19 Міжнароднага пакта, які быў падпісаны Рэспублікай Беларусь.
Нагадаем, сёлета гэта ўжо дзявяты суд над Змітром Лупачам. Але ў хуткім часе яго і Таццяну Смоткіну чакае суд у Мёрах за матэрыялы пра сацыяльныя праблемы людзей і закрыццё ашчаднай касы ў аграгарадку Язна.
22 снежня капітан глыбоцкай міліцыі Сяргей Цырбан перадаў ім ад мёрскіх міліцыянтаў дапрацаваныя пратаколы. Потым сказаў, што, хутчэй за ўсё, суд будзе ў Мёрах.
Беларускае Радыё Рацыя