Глыбоцкага журналіста Змітра Лупача пакаралі штрафам



30-цю базавымі велічынямі штрафу пакараў суддзя Докшыцкага суда Вячаслаў Елісеенка глыбоцкага журналіста Змітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэнні закона аб СМІ і судзілі за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі.

18 траўня суддзя Докшыцкага суда Дзяніс Корсак спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні журналіста за недаказанасцю віны. Але намесніца пракурора Надзея Міцько апрэтаставала гэтае рашэнне, і Віцебскі суд накіраваў справу на новы разгляд.

Як выказаліся докшыцкія грамадскія актывісты, суддзю Дзяніса Корсака яны паважаюць і лічаць яго сумленным чалавекам:

– Ён усё па закону рабіў, гэта шчыры суддзя. Суддзёй ён працуе толькі з зімы, дагэтуль ён у пракуратуры працаваў. Я добра ведаю яго сям’ю. Бацькі сумленныя людзі, і хлопца выгадавалі таксама сумленнага. Сям’я вельмі добрая, паважаная.

Паводле Змітра Лупача, цяперашняя пастанова Докшыцкага суда сталася для яго чаканай, не тое, што ранейшая:

– Пракуратура апратэставала, начальнік міліцыі таксама напісаў свой пратэст. Было зразумела, што калі ўжо даслалі ў суд на разгляд іншага суддзі, то вядома,  чым гэта скончыцца.

Нагадаем, сёлета гэта быў ужо сёмы суд у Змітра Лупача, не лічачы апеляцыйных судоў у Віцебску. Апошнім часам журналісту прысуджаюць штораз стабільна па 30 базавых велічыняў штрафу, што складае 870 беларускіх рублёў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя