Глыбоцкіх журналістаў абвінавачваюць у распаўсюдзе інфармацыі



Тры пратаколы па адной адміністрацыйнай справе атрымалі Глыбоцкія журналісты. Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача міліцыя лічыць вінаватымі ў тым, што  яны ўзялі інтэрв’ю ў жыхароў дома №142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім  і размясцілі яго на незалежным тэлевізійным сайце Belsat.eu. Іх вінавацяць у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

Паводле Змітра Лупача, яму ўручылі аж два пратаколы, у першым яго вінавацяць, што браў інтэрв’ю ў людзей адзін, у другім – з журналісткай Таццянай Смоткінай:

– Я напісаў, што прачытана, згодны часткова, бо я не лічу, што я браў інтэрв’ю ў людзей. На другім я напісаў, што прачытана, але не згодны. Мяне азнаёмілі са справай, прачытаў, што вырабіў і размясціў  у сетцы інтэрнэт сюжэт пра капітальны рамонт дома №142.

Юрысты ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падкрэсліваюць, што прымяненне артыкула 22.9 ч.2 да асобных журналістаў юрыдычна непісьменнае. Паводле закона “Аб СМІ”, журналісты рыхтуюць матэрыялы, паведамленні для СМІ, на аснове якіх рэдакцыі вырабляюць “прадукцыю СМІ”. Адпаведна, толькі рэдакцыя і можа быць прыцягнутая да адказнасці па гэтым артыкуле, а ніяк не журналіст.

Беларускае Радыё Рацыя