Глыбоцкія назіральнікі: Не сумленныя, не празрыстыя, а проста казачныя выбары
Не сумленныя, не празрыстыя, а проста казачныя выбары, па меркаванні незалежных назіральнікаў адбыліся ў Глыбокім. Паводле назіральнікаў было заўважана шмат парушэнняў, нягледзячы на тое, што амаль усім назіральнікам давялося назіраць за выбарамі па-за межамі ўчасткаў. Як кажуць назіральнікі, камісіі настолькі завышалі яўку, што пралічыліся, і разыходжанні ў лічбах аказаліся навідавоку. А лічбы, па падліках незалежных назіральнікаў, разыходзіліся ў іх і ў пратаколах камісій штодзённа ў два, а то і ў тры разы.
Кажа незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Ганна Мартыноўская:
– За гэты час я таксама назірала вельмі шмат парушэнняў, крымінальнага кодэкса. Прыходзіла звыш 20 чалавек, якія абураліся. Яны паглядзелі спісы і пачалі казаць: мой тата памёр дванаццаць год таму – сказаў мужчына. Жанчына сказала, што яе муж памёр 5 год таму. І тады і пайшло…
На ўчастку №2 Глыбокага незалежныя назіральнікі падчас усіх дзён выбарчай кампаніі назіралі ў фае школы, а не на ўчастку. А ў аноўны дзень галасавання каля школы было цэлае шоў: спевы, забавы, мітусня…
Паводле назіральніцы “Права выбару” Людмілы Барэйкі, яны падалі чатыры скаргі на дзеянні камісіі;
– Я падала скаргу і ў раённую камісію, і ў пракуратуру. Пракуратура, праўда, не хацела прымаць доўга, там дзяжурная жанчына была пракурор. Але я сказала, што вы павінны прыняць, таму яна зарэгістравала і сказала, што накіруе ў раённую выбарчую камісію. Але ж, калі гэта крымінальны кодэкс тут, таму што ідзе фальсіфікацыя, дык павінна займацца пракуратура. Але чамусцьці пракуратура гэтым займацца не хоча.
У Глыбокім толькі дваіх незалежных назіральнікаў у асноўны дзень галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі дапусцілі да назірання. На ўчастку №3 да 15.00 назірала за выбарамі прадстаўніца Беларускага Хельсінскага камітэта Ганна Мартыноўская, а на ўчастку №5 Павел Лаўрыновіч, які вылучаўся зборам подпісаў. Але з трэцяга ўчастка назіральніцу “папрасілі” сысці пасля абеду а 15.00 гадзіне. Вядома, на падлік галасоў яна не была дапушчаная.
Да канца выбараў застаўся назіраць толькі адзін назіральнік на пятым участку. Але, як ён заўважыў, выніковыя лічбы падліку галасоў былі ганебна выдуманымі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя