Глыбоцкую журналістку выклікаюць у міліцыю
Незалежную журналістку-фрылансера з Глыбокага Таццяну Смоткіну 27-га красавіка выклікаюць на допыт у мясцовы РАУС.
Як распавяла журналістка, у позве пазначана, што ў дачыненні да яе вядзецца адміністрацыйны працэс, нібыта за тое, што яна дала каментар тэлеканалу „Белсат”:
– Сёння старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вадзім Кучыц прынёс мне позву. Ён сказаў: “Наконт вашага дома”. Я жыву ў шматкватэрным доме, у якім ужо амаль сорак год не рабіўся капрамонт. Мае калегі журналісты-фрылансеры зрабілі для тэлебачання “Белсат” сюжэт пра наш дом, што не робяць капітальны рамонт. Быццам некалькі год таму збіралі сход у жыллёва-камунальнай гаспадарцы і абяцалі зрабіць рамонт хоць часткова, пачалі мяняць стаякі і на гэтым усё скончылася.
Як распавяла Таццяна Смоткіна, раней міліцыянты таксама апытвалі іншых жыхароў дома, якія давалі каментары “Белсату”.
Сюжэт быў апублікаваны ў інтэрнэце і карыстаўся папулярнасцю, што выклікала рэакцыю міліцыянтаў, мяркуе журналістка.
https://www.youtube.com/watch?v=9DmM-0b6ZuE
Як стала вядома, на допыт 27-га красавіка ў Глыбоцкі РАУС таксама выклікаюць журналіста-фрылансера Змітра Лупача.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Відэа belsat.eu