Гнаўк адмаўляе датычнасць да размяшчэння інфармацыі пра пракурора ў „Чорнай кнізе”



Запіс у тэлеграм-канале “Чорная кніга Беларусі” нервуе тых, хто змешчаны там за “асаблівыя” заслугі перад беларускім народам. Гэта бачна на прыкладзе старшага пракурора Берасця Міхаіла Булыгіна, інфармацыя пра якога з’явілася ў “Чорнай кнізе” адразу пасля першага дня суда над пенсіянеркай Аленай Гнаўк за “абразу” Лукашэнкі.

Жанчыну ў якасці сведкі даставілі на допыт да Валянціна Чудзіновіча, супрацоўніка  Следчага камітэта, па падазрэнні ў размяшчэнні матэрыяла пра Булыгіна ў “Чорнай кнізе”, гаворыць Алена Гнаўк:

– Мяне на поўным сур’ёзе падазраюць у тым, што я размясціла на гэтым тэлеграм-канале інфармацыю пра Булыгіна. Я кажу, хлопцы, але ж для гэтага трэба мець больш глыбокія веды ў кампутарнай тэхніцы. Вы ўсур’ёз думаеце, што я ўзламала базу дадзеных?!

Паводле Алены Гнаўк, да “Чорнай кнігі Беларусі”, запіс у якой так расхваляваў пракурора Міхаіла Булыгіна, актывістка не мае ніякага дачынення, затое даведалася пра яе існаванне. А яшчэ шкадуе, што там няма памочніка пракурора Аляксея Бараноўскага. Гэта менавіта па яго дакладной запісцы “яна публічна абразіла дзеючага прэзідэнта”, калі сказала, што ўладу захапіў не зусім здаровы псіхічна чалавек.

На фота: пракурор Міхаіл Булыгін

Беларускае Радыё Рацыя