Год дзейнасці «антынаркатычнага» дэкрэта
Палова нарказлачынцаў, якія на працягу 2015 года выяўленыя ў Беларусі, прыцягнутыя да адказнасці за распаўсюд наркотыкаў. З амаль 7 тысячаў чалавек колькасць распаўсюднікаў складае больш за 3 тысячы.
Лічба наркадылераў пачала істотна расці пасля «антынаркатычнага» дэкрэта прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які быў прыняты 28 снежня мінулага года.
На думку старшыні сацыяльна – асветніцкага грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларысы Жыгар, вялікая колькасць справаў паводле артыкула 328 крымінальнага кодэкса (незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў) адмыслова фальсіфікуецца супрацоўнікамі міліцыі дзеля павялічэння тэрмінаў зняволення асуджаным:
— Калі пачалося гэтае ўзмацненне жорсткасці рукі нашай доблесная міліцыі проста сталі развязаныя. Калі ёсць 328 артыкул, значыць трэба давесці гэты план да канца. Так нельга, бо яны вяршаць лёсы нашых родных.
Статыстыка нарказлачынстваў сведчыць пра тое, што ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя амалоджвання асобаў, якія ўжываюць наркотыкі. Колькасць непаўналетніх, прыцягнутых да адказнасці за ўжыванне і распаўсюд наркотыкаў, у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 20%.
Беларускае Радыё Рацыя