Год «хатняй хіміі» за выяву з надпісам «No war»
Крымінальную справу паводле артыкула 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» у дачыненні да мясцовага 21-гадовага графіціста Рамана Барташа завялі яшчэ 20 сакавіка. Менавіта ў той дзень хлопец намаляваў каля чыгуначнай станцыі «Брэст-Паўднёвы» графіці з надпісам «No war». Уласна кажучы, усё графіці з гэтага надпісу і складалася. Унізе, праўда, маркерам аўтар пакінуў свой стылізаваны аўтограф.
Амаль адразу хлопца знайшлі і затрымалі супрацоўнікі аховы чыгункі.
22 красавіка яго справу разгледзела суддзя Маскоўскага суда Берасця Марыя Аліферук.
Характэрна, што судовае пасяджэнне праходзіла без пракурора, бо пракуратура прапанавала разглядзець справу ў паскораным парадку. Згодна з КПК, у такім выпадку следчыя таксама павінны расследаваць крымінальную справу ў паскораным парадку.
У артыкуле 452 КПК пазначана, што такое магчыма пры выкананні некалькіх умоў адначасова: злачынства не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, відавочны факт здзяйснення злачынства, устаноўлены падазраваны і ён не адмаўляе сваёй датычнасці да здзяйснення злачынства.
Як удакладняюць праваабаронцы, Раман Барташ цалкам прызнаў сваю віну.
У выніку суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў Барташа вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» і прысудзіў хлопцу 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Простымі словамі, хлопцу далі 1 год «хатняй хіміі».
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.