Год таму памёр Уладзіслаў Ахроменка – пісьменнік і журналіст
Год таму ў беластоцкай лякарні не стала беларускага пісьменніка і журналіста Уладзіслава Ахроменкі. Апошнія гады жыцця ён працаваў у адкрытых архівах КДБ ва Украіне, у выніку чаго паўстаў аўтарскі праект „На ўліку КДБ” на Беларускім Радыё Рацыя.
Жонка Уладзіслава Ахроменкі Вольга гаворыць, што напружаная праца з архіўнымі справамі камуністычных спецслужб магла падарваць здароўе яе мужа:
– Ён быў грунтоўны ва ўсім, што стасуецца яго працы і ва ўсім, дзе ён сутыкаўся са словам. Са словам ён сутыкаўся заўжды – гэта і журналістыка, гэта і пісьменства. Вы ж ведаеце пра тое, што ён прафесійны музыкант. Ён мне казаў заўжды, што гэта вельмі яму дапамагае быць літаратарам. Мяне пачаў турбаваць яго эмацыйны стан недзе за два месяцы да смерці.
Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся ў Гомелі ў 1965 годзе. Дэбютаваў як пісьменнік у 1988 годзе ў часопісе „Бярозка”. У суаўтарстве з Максімам Клімковічам напісаў некалькі кніг, перакладзеных на ўкраінскую, чэшскую і польскую мовы. У апошнія гады працаваў карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя ва Украіне, быў аўтарам праграмы „На ўліку КДБ””.
Беларускае Радыё Рацыя