Год таму прайшла самая масавая акцыя ў Гомелі



Год таму, 19 лютага 2017 года, у Гомелі прайшла адна з самых масавых акцый супраць прэзідэнцкага Дэкрэта №3 „Аб сацыяльным утрыманстве”. Гомельцы выйшлі ў цэнтр горада з транспарантамі і бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць нязгоду з адыёзным дэкрэтам.

Паводле аднаго з арганізатараў акцыі Уладзіміра Кацоры, ён асабіста прагназаваў, што на мітынг прыйдзе шмат людзей.

– Калі прайшла акцыя 17 лютага ў Менску, і выйшла няхай сабе не так багата людзей, недзе за 2 тысячы, але, як мы ведаем, іх не разагналі, таму ўжо была ўпэўненасць, што ў Гомелі акцыя таксама пройдзе.

Грамадскі актывіст Уладзімір Няпомняшчых заклікаў гомельцаў прыйсці на Плошчу Паўстання на антыдармаедскі мітынг.

Гэта вельмі ўражлівае, нават цяпер, калі ўзгадваеш тыя падзеі. Крута, што людзі не захацелі быць быдлам, выйшлі на плошчу – і ўлада дала задні ход. Гэта пра многае сведчыць: у нас, беларускага народа, ёсць сіла, магчымасці і жаданне яднацца.

Паводле розных падлікаў, у гомельскай акцыі супраць Дэкрэта „Аб сацыяльным утрыманстве” 19 лютага 2017 года паўдзельнічала каля 3 тысячаў чалавек. Пасля гэтага мітынгу па ўсёй Беларусі пракаціліся аналагічныя пратэсныя акцыі з патрабаваннямі скасавання „дармаедскага дэкрэта”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель