Гомель наведалі кіраўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Былы палітвязень Павал Севярынец прэзентаваў перад гомельцамі сваю кнігу „Беларуская глыбіня”, якую ён напісаў у час апошняга зняволення. А сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі прааналізаваў плён кампаніі „Народны кантроль”, якую разгарнулі ў рэгіёнах актывісты БХД.
– Наша асноўная ідэя – сабраць усіх дэмакратычных актывістаў, увесь інтэлектуальны патэнцыял, незалежны, альтэрнатыўны, ва ўсіх гарадах – не толькі ў Гомелі, але і ў Менску і ў іншых гарадах. Мы гэта робім з тым, каб стварыць такую дзейсную ініцыятыву, якая б бараніла інтарэсы грамадзян і ўздымала пытанні па актуальных для гараджан таго ці іншага горада праблемах. Гэта можа быць і экалагічная праблема. Актывісты гэта вызначылі самі, жыхары адгукнуліся – больш за 2 000 подпісаў было сабрана пад вырашэнне гэтай праблемы.
Акрамя Гомеля, Павал Севярынец плануе наведаць таксама Мазыр і Светлагорск.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель