Гомель страчвае статус „зялёнага горада”



Гомельскі гарвыканкам адмаўляецца абмяркоўваць пытанне рэканструкцыі цэнтральных вуліцаў з грамадзянамі. Такі адказ атрымалі актывісты кампаніі „Разам абаронім зялёныя вуліцы”, якія выступаюць супраць пашырэння праезнай часткі вуліц Пралетарская, Інтэрнацыянальная і Гагарына. У выніку рэканструкцыі будзе ліквідавана шмат здаровых дрэваў. І пад пагрозай апынецца экалогія галоўнай гомельскай славутасці – парку князёў Румянцавых-Паскевічаў.

Рэдактар „Гомельскага зялёнага парталу” Яўген Меркіс заўважае, што ў выніку маштабных рэканструкцый абласны цэнтр страціў статус „зялёнага горада”:

– Гомель традыцыйна лічыўся зялёным горадам. Але ў апошнія гады згубіў гэты статус. Гэта адбываецца з-за таго, што гарадскія ўлады паслядоўна спілоўваюць большасць старых дрэў, не высаджваюць новых і ў выпадку рэканструкцый вуліц цалкам ігнаруюць гэтае пытанне.

У пачатку красавіка гэтага году гомельскія гарадскія ўлады анансавалі рэканструкцыю некалькіх цэнтральных вуліцаў, а таксама з’яўленне трох падземных пераходаў на колішняй Базарнай плошчы. Гэтыя ідэі крытыкуюцца гомельскай грамадскасцю, эколагамі і краязнаўцамі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота realt.onliner.by