Гомель: сямейны фэст да Дня роднай мовы
У Гомелі адбыўся сямейны фэст, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. У межах праграмы былі майстар-класы па кераміцы, выступы рыцараў, батлейка, выступ дудара і музычная пастаноўка.
Скончылі фэст сумесным выкананнем беларускіх песняў. Мерапрыемства арганізавалі слухачы і вядоўцы курсаў “Мова Нанова” ў Гомелі. Удзельніца фэсту Вольга Жарнасек падзялілася ўражаннямі ад мерапрыемства.
– Вельмі ўдалая падборка гасцей, таму што цікава было ўсім. Гэта і музыка, і рыцары, і традыцыйная батлейка і майстар-класы па арыгамі побач з керамікай. То бок гэта ўсё настолькі рознапланава, але разам з тым гэта цудоўна ўпісалася ў канцэпцыю свята. Усе дзеці задаволеныя, яны атрымалі салодкія і несалодкія падарункі. Самае галоўнае – пазітыўнае ўражанне і мова, якая гучыць не толькі з вуснаў старэйшага пакалення, але і малодшага пакалення.
Свята ўзнікла па прапанове ЮНЭСКА ў 1999 годзе. Мэта Міжнароднага дня роднай мовы – усведамленне моўных традыцыяў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель