Гомель у цэнтры горада пераўтвараецца ў спальны раён
Гомель у цэнтры горада пераўтвараецца ў спальны раён. – Так гавораць гомельцы пра вуліцу Валатаўская, якая пазбавілася ўнікальных драўляных пабудоў. Гарадскія ўлады вырашылі разбурыць будынкі ХІХ стагоддзя. На месцы былых драўляных сядзіб з’явіліся шматпавярховікі.
Жыхары Гомеля ўзгадваюць, якім быў ранейшы цэнтр горада.
— Валатаўская, я проста там жыву і не магу ў той бок глядзець, бо мне вельмі балюча. Там будпляцоўка і панэлька. Людзі жылі, можа не ў найлепшых умовах, але гэта было прыгожа. А цяпер гэта проста нешта бязлікае, нават дрэвы ўсе павысякалі.
— Падабаліся гэтыя дамкі. Нейкая своеасаблівая атмасфера была. Бяздумна ўсё гэта.
— Наша праблема ў тым, што мы чамусьці саромеемся сваёй гісторыі.
Сярод разбураных дамоў – сядзіба 1910 года пабудовы па адрасе Валатаўская, 22, якая да рэвалюцыі належала буйному лесапрамыслоўцу. Унучка апошняга гаспадара дома Ірына Мяжэйнікава ўзгадвае ўнікальнае аздабленне дома.
— Вельмі балюча, бо нават калі распавядаеш аднагрупнікам і здавалася б, усе разумеюць гістарычную каштоўнасць архітэктуры. У нейкі момант уважліва слухаючыя вочы, а потым фраза: а еўрарамонт там быў? Ты адказваеш: які еўрарамонт, арыгінальнае аздабленне: ляпніна на столі. А, ну тады нічога страшнага. І ўсе размовы пра сто дзесяць гадоў ужо не маюць значэння на фоне таго, што еўрарамонту не было.
У пачатку ХХ стагоддзя 90% пабудоваў у Гомелі былі драўлянымі. Адметнасць гэтай архітэктуры – яскравая драўляная разьба.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель