Гомелец ініцыяваў кампанію супраць Дэкрэта аб дармаедах



Усё больш беларусаў далучаецца да інтэрнэт-кампаніі супраць Дэкрэта №3 „Аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству”. За тыдзень з моманту размяшчэння петыцыі ўжо каля 23 тысячаў грамадзянаў выказалася за скасаванне скандальнага дэкрэту. Ініцыятар онлайн-петыцыі на платформе change.org Віталь Юрчанка распавядае, што дынаміка першых двух дзён яго нават абурыла: спачатку было ўсяго 500 подпісаў. Аднак ужо на трэці дзень усё змянілася. Людзі пачалі актыўна пакідаць свае подпісы.

„Былі жорсткія каментары. Але ў асноўным беларусы пісалі карэктна і абгрунтавана. Пакідалі шмат каментароў жанчыны, якія сядзяць дома з дзецьмі і таксама падпалі пад гэты дэкрэт”, – распавядае пра рэакцыю інтэрнэт-карыстальнікаў Віталь Юрчанка.

Віталь Юрчанка спадзяецца на тое, што ягоны заклік падтрымае яшчэ каля 50 тысячаў чалавек. Пасля гэтага петыцыя будзе скіраваная ўладам.

„Так, мы супраць гэтага закону. Мы хочам, каб нас пачулі афіцыйна. Мы не хочам на вуліцу ісці палкамі грукаць па шкле. Мы хочам падаць дакумент, каб улады ўбачылі, колькі людзей падпісалася. Мы як грамадзяне нашай краіны можам сказаць “так”, а можам сказаць „не”. У дадзенай сітуацыі мы кажам: „Не””, – заўважае Віталь Юрчанка.

Многія крытыкуюць такую форму ўзаемадзеяння з уладамі як электронная петыцыя. Паколькі яна не абавязвае ўлады рэагаваць на патрабаванні людзей. Рэакцыя на інтэрнэт-кампанію супраць Дэкрэта №3 „Аб супрацьдзеянні сацыяльнаму ўтрыманству” таксама была рознай. Некаторыя ўспрынялі яе крытычна. Як прызнаецца сам Віталь Юрчанка, вельмі штмат людзей з сарказмам паставіліся да гэтай петыцыі:

„Хтосьці задаваў пытанне, што я гэтым дасягну. Бо ўсё ўжо прынялі і ніхто нічога адмяняць не будзе. Аднак я адказваў стандартна: вы не можаце адчыніць дзверы, не пагрукаўшыся ў іх”, – Віталь Юрчанка спадзяецца, што ўрад будзе вымушаны адрэагаваць на незадаволенасць вялікай колькасці грамадзянаў.

Дэкрэт аб дармаедах закранае ўсіх беларусаў. Ініцыятар інтэрэт-кампаніі мяркуе, што рэалізацыя Дэкрэта №3 можа дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі. “Маніпулюючы нейкімі магчымасцямі, хтосьці спрабуе падставіць нашую дзяржаву. Мне падаецца, што жыхароў нашай краіны і дзяржаву хтосьці спрабуе сутыкнуць ілбамі, каб стварыць магчыма тое, што адбылася ва Украіне”, — лічыць Віталь Юрчанка.

Любы грамадзянін Беларусі можа далучыцца да інтэрнэт-кампаніі па скасаванні антыканстытуцыйнага Дэкрэту №3 на платформе change.org. Ініцыятар онлайн-петыцыі разлічвае, што ягоны заклік падтрымае яшчэ каля 50 тысячаў беларусаў. Такая колькасць падпісантаў, паводле меркавання Віталя Юрчанкі, не дазволіць чыноўнікам праігнараваць грамадскую думку.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель