Гомельскага актывіста Барыса Анікеева выпусцілі з міліцыі (абноўлена)



Гомельскага актывіста Барыса Анікеева выпусцілі з Чыгуначнага РАУС Гомеля. У яго бралі тлумачэнні адносна аднаго з ягоных паведамленняў у сацыяльных сетках, якое мае прыкметы абразы кіраўніка дзяржавы.

Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі апынуўся на месцы здарэння праз некалькі хвілін пасля з’яўлення міліцыянтаў:

– Барысу яны прапанавалі агляд дома, на што Барыс запатрабаваў паперу. Яны пачалі складаць паперу, пасля нешта памянялі, проста забралі Барыса з сабой у РАУС. Гэта сведчыць пра тое, што гэта проста здзек з закону. Міліцыянты прыязджаюць, ім даюць загад схапіць, а шт о далей, яны ўжо вырашаюць.

Сам Барыс Анікееў дагэтуль не разумее, чым ягоная асоба зацікавіла праваахоўнікаў:

– Яны мне прад’явілі, што я нібы абразіў прэзідэнта. Можа ў сацсетках мурзілку нейкую паставіў, я ж не ведаю, як я яго мог абразіць. Якога я не ведаю, мне ніхто нічога не сказаў.

Барыс Анікееў прымаў актыўны ўдзел у акцыях супраць прэзідэнцкага Дэкрэта №3 у 2017 годзе. За гэта яго судзілі і каралі адміністрацыйным арыштам.

* * *

Праваахоўнікі ўвайшлі ў прыватны дом, дзе пражывае актыўны ўдзельнік пратэсных акцый 2017 года, без тлумачэнняў. Потым паведамілі, што Барыс Анікееў нібыта абразіў кіраўніка дзяржавы ў адным з сваіх паведамленняў у сацыяльных сетках. Ніякіх дакументаў пры сабе міліцыянты не мелі. Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі апынуўся на месцы здарэння праз некалькі хвілін пасля з’яўлення міліцыянтаў.

Кастусь Жукоўскі:

Ніякіх дакументаў міліцыянты не прад’явілі. Барысу яны прапанавалі правесці агляд дома. Барыс запатрабаваў паперы, але тады яны проста яго забралі з сабой. Гэта парушэнне закона аб міліцыі. Іх дзеянні нагадваюць працу бандыцкіх груповак.

Сам Барыс Анікееў не ведае, чым выкліканая ўвага міліцыянтаў да яго асобы.

Барыс Анікееў:

Мне інкрымінуюць, што я абразіў нейкага прэзідэнта. Нібыта мусіў адбыцца ператрус. Яны пайшлі шукаць панятых. Нават не магу сказаць, каго я там мог абразіць. Можа, прэзідэнта Венесуэлы?!

Супрацоўнікі міліцыі пасадзілі Барыса Анікеева ў службовы аўтамабіль і адвезлі ў невядомым кірунку.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель