Гомельскага блогера Максіма Філіповіча суд арыштаваў на 15 сутак
Суд Савецкага раёна Гомеля 26 снежня разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да блогера Максіма Філіповіча за дробнае хуліганства, і вынес рашэнне аб 15-суткавым арышце.
У суд блогера прывезлі з ІЧУ, дзе ён адбываў 14 сутак за дробнае хуліганства і ўвесь тэрмін трымаў галадоўку. Сёння тэрмін адміністрацыйнага арышту завяршыўся, але на волю Філіповіч не выйшаў.
Першы адміністрацыйны арышт быў пакараннем за канфлікт у краме. У дачыненні да блогера і яго апанента, жыхара Гомеля, былі складзеныя пратаколы за абразу. Удзельнікі канфлікту атрымалі штрафы. Філіповіч за дробнае хуліганства быў арыштаваны.
26 снежня суд разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да блогера ў сувязі з канфліктам, які ўзнік з намеснікам начальніка Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргеем Новікам.
28 лістапада на прадпрыемстве „Лінія зносу” ратавальнікі тушылі пажар. Прыблізна а першай гадзіне ночы блогер вёў прамую трансляцыю з месца пажару на сваім Youtube-канале. Да яго падышоў супрацоўнік МНС і запытаўся пра мэту відэаздымкі. Філіповіч запатрабаваў назвацца, ратавальнік адмовіўся, узнік канфлікт. Блогер назваў намесніка начальніка абласнога ўпраўлення МНС „сынком” і прапанаваў яму „ісці гуляць”. Пазней відэа атрымала шырокі рэзананс. Частка інтэрнэт-карыстальнікаў абурыліся паводзінамі блогера, палічылі яго хамскім і склалі петыцыю на адрас УУС Гомельскага аблвыканкама з просьбай прыцягнуць Філіповіча да адказнасці. Петыцыя сабрала больш за 1.300 подпісаў.
На судзе блогер не прызнаў віну. Ён растлумачыў, што 28 лістапада прачытаў у СМІ, што пажар на „Лініі зносу” лакалізаваны прыблізна ў 16.00, але ўначы заўважыў, што пажар працягваецца. „Я абурыўся такой хлуснёй і пайшоў здымаць стрым”, — заявіў на судзе блогер. Ён не лічыць слова „сынок” абразай і падкрэсліў, што не перашкаджаў тушыць пажар супрацоўнікам МНС.
У пратаколе гаворыцца, што Філіповіч „абразліва чапляўся да грамадзян, правакаваў на канфлікт, перашкаджаў супрацоўнікам МНС выконваць свае абавязкі”.
Філіповіч падаў шэраг хадайніцтваў — аб выкліку сведак у суд, праглядзе арыгінала відэа з канфліктам, допуску ў якасці абаронцы яго жонкі. Хадайніцтвы былі адхіленыя.
„Я вёў сябе залішне эмацыйна, але не парушаў закон”, — лічыць блогер.
Суддзя Аляксандр Мохар вынес рашэнне пакараць Філіповіча арыштам на 15 сутак.
belapan.by