Гомельскага фрылансера аштрафавалі на 30 базавых



30 базавых велічыняў штрафу давядзецца выплаціць грамадскаму актывісту і журналісту-фрылансеру Кастусю Жукоўскаму. Суддзя Цэнтральнага райсуда Гомеля Алеся Осіпава палічыла незалежнага аператара вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі. Сам Кастусь Жукоўскі перакананы, што сутыкнуўся з палітычным пераследам.

Кастусь Жукоўскі: – Мне прысудзілі 30 базавых на падставе паняткаў, паводле якіх жывуць сённяшнія чыноўнікі, суддзі, пракуроры і міліцыя. Таму што адміністрацыйны артыкул, паводле якога мяне судзілі, датычыць толькі юрыдычных асобаў. А што да мяне, я з’яўляюся фізічнай асобай. Час ад часу я здымаю відэа, прапаноўваю матэрыялы разнастайным інфармацыйным агенцыям, але не вырабляю канчатковую інфармацыйную прадукцыю. Адпаведна, лічу вынясенне чарговага штрафу палітычным пераследам. Відэа, за якое я атрымаў 30 базавых велічыняў, было знятае на тэму самагубства даведзенай да адчаю выкладчыцы гомельскага ўніверсітэта.

Ад пачатку года Кастусь Жукоўскі 6 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, што, на ягоную думку, сведчыць пра мэтаскіраванае цкаванне з боку ўладаў.

10 чэрвеня ў Гомелі будуць судзіць незалежную журналістку Наталлю Крывашэй.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель