Гомельскага журналіста выклікаюць адразу ў два пастарункі
Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага на 28 снежня адначасова выклікаюць у Калінкавіцкі і Кармянскі раённыя аддзелы міліцыі.
Калінкавіцкія праваахоўныя органы хочуць скласці адміністрацыйны пратакол за тое, што Жукоўскі браў у людзей відэакаментары, якія выкарыстаў спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” у сваім сюжэце ад 18 лістапада. Сюжэт быў пра збіццё калінкавіцкімі футбольнымі заўзятарамі маладога чалавека з Жыткавічаў.
Кармянская міліцыя патрабуе, каб журналіст даў тлумачэнні ўжо за іншы сюжэт на Белсаце: «Жыхары Кармы без вады з лістапада». Паводле Кастуся Жукоўскага, у абодвух выпадках участковыя маёры заяўлялі, што ён не меў права рабіць відэаздымкі для замежнага спадарожнікавага тэлеканала, бо не мае акрэдытацыі ў беларускім МЗС у якасці карэспандэнта замежнага СМІ.
— Я не паехаў і не паеду, бо па-першае я працую, а гэта далёка ехаць і мне гэтага ніхто не кампенсуе. Я з’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам, сфера дзейнасці — журналістыка, я афіцыйна зарэгістраваны і плачу падаткі. Таксама я маю працоўную дамову з адным з інфармацыйных замежных агенцтваў. У Беларусі я нідзе не выступаю ад імя «Белсата». Так, мае матэрыялы выходзяць на «Белсаце», дакладней не матэрыялы а кавалкі тых відэа, якія я здымаю. Сваёй дзейнасцю я не парушаю закон: усё гэта выссана з пальца і не з’яляецца нічым іншым, як толькі палітычным пераследам.
Сёлета на падставе пратаколаў міліцыі раённыя суды шэсць разоў штрафавалі Кастуся Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала «Белсат». Агулам яго аштрафавалі на суму 31,5 мільёна рублёў.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя