Гомельскай палітзняволенай у 5 разоў паднялі плату за гарачую ваду



Гомельскай палітзняволенай, якая знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, у 5 разоў паднялі плату за гарачую ваду.

Налічэнне па падвышаным тарыфе адбываецца на падставе прэзідэнцкага Дэкрэту №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Марыя Тарасенка, паплечніца арыштаванага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, апынулася ў складанай жыццёвай сітуацыі праз праблемы са здароўем і ціск з боку ўлады. Муж актывісткі Ігар Тарасенка гаворыць, што асабліва непрыемна атрымліваць цяжкую “жыроўку” з маральнага гледзішча.

– Тут болей маральны бок пытання. Тваю чалавечую годнасць прыніжаюць. То бок на цябе плююць, цябе прыніжаюць. Ёсць мае канстытуцыйныя правы. Права на працу — гэта маё права: хачу працую, а хачу не. Гэта мая асабістая справа. Тым болей, у Марыі са здароўем не ўсё добра: ёй увогуле нельга падымаць больш за 2 кг. І чаму мы павінныя ў гэтую камісію пісаць інтымныя пытанні, звязаныя са здароўем. Дзеля чаго і навошта?

Марыя Тарасенка — гамяльчанка, вядомая серыяй судовых цяжбаў супраць дзяржавы адносна так званых дэкрэтаў “Аб дармаедстве”. 18 студзеня яе затрымалі па справе Леаніда Судаленкі і змясцілі ў ІЧУ, у яе дома быў праведзены ператрус. Пазней жанчыну выпусцілі пад падпіску аб неразгалошванні.

Беларускае Радыё Рацыя