Гомельскаму апазіцыянеру анулявалі дазвол на валоданне зброяй
Алесь Яўсеенка не можа цяпер быць уласнікам зброі, паколькі прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці вясной гэтага года. Цягам 23 гадоў Алесь Яўсеенка легальна захоўваў газавы пісталет, які па сваіх характарыстыках падобны да газавага балончыка, але цяпер яго пазбавілі гэтага права.
– Гэта звязана з тым, што 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі, я быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПа і судом быў засуджаны да адміністрацыйнага арышту. А ў адпаведнасці з Законам «Аб зброі» ў Беларусі, асобы, якія прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, пазбаўляюцца права на гэтую зброю.
Алесь Яўсеенка заўважае, што скасаванне ліцэнзіі на захоўванне газавага пісталета можа быць звязана з ягонай актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасцю. Нядаўна ён быў арганізатарам сустрэчы Мікалая Статкевіча з гомельцамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель