Гомельская пошта дыскрымінуе беларускамоўных грамадзянаў
Сябра Беларускага Хельсінкскага Камітэту Віктар Адзіночанка намагаецца абараніць сваё права на карыстанне роднай мовай. Падчас афармлення падпіскі на газету „Наша Ніва” яму адмовілі ў прадастаўленні беларускамоўнага бланку, заявіўшы, што ў кампутары ўсталяваныя толькі руская і англійская мовы.
– Я напісаў зварот міністру сувязі, у якім абмаляваў сітуацыю, і напісаў, што гэта ненармальна, што ў нас тут усё ж такі не Расея і не Англія. Мы жывем у Беларусі. І было б вельмі добра, каб у кампутарах таксама была ўсталяваная беларуская мова. Мне напісалі, што ў нас па Канстытуцыі дзве дзяржаўныя мовы, што, згодна Закону „Аб паштовай сувязі”, можна карыстацца рускай і беларускай. Таму, маўляў, ніякага парушэння няма.
Віктар Адзіночанка плануе абскардзіць адказ з Міністэрства сувязі адносна неабавязковасці беларускамоўных бланкаў на пошце.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель