Гомельскія прадпрымальнікі спыняць працу з-за самазабойства калегі



Гомельская прадпрымальніца зрабіла сабе смерць па канфіскацыі тавараў. 55-гадовая кабета выкінулася з 8-га паверха шматкватэрнага дома па вуліцы Мінскай. Пра абставіны трагічнага здарэння распавёў лідар прадпрымальніцкай арганізацыі „Перспектыва” Анатоль Шумчанка на сваім акаўнце ў „Фэйсбуку”.

Анатоль Шумчанка апублікаваў допіс, з якога вынікае, што падштурхнуць да самазабойства 55-гадовую Таццяну Дупанаву маглі выпадкі пераследу з боку падатковай і эканамічнай міліцыі. Некалькі дзён таму аўтамабіль прадпрымальніцы спынілі для праверкі інспектары ДАІ, якія выклікалі прадстаўнікоў аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Выявілася, што ў накладной не была пазначаная дата разгрузкі тавара. У выніку тавар быў канфіскаваны, а на жанчыну склалі пратакол.

Пахаванне Таццяны Дупанавай адбудзецца 22 чэрвеня. У знак жалобы калегі плануюць спыніць працу з 11.30 да 12.00.

* * *

55-гадовая Тацяна Дупанава загінула, выскачыўшы з акна шматпавярховага будынка за дзень да суду. Старшыня «Перспектывы» Анатоль Шумчанка выказвае меркаваньне, што яе маглі давесці да самазабойства.

„Заўтра павінен быў адбыцца суд. У яе ўсе думкі былі толькі пра гэта. Казала, што вельмі баіцца таго, што з ёй зробяць, вельмі накруціла сябе. Казала, што з ёй вельмі нахабна размаўлялі ў падатковай: казалі, што дадуць ёй тое і тое… Усе ведалі, што была нармальным чалавекам, сумленным, заўсёды старалася нічога не парушаць. Яе давялі ўсімі гэтымі праверкамі, аблавамі. Гэта сто адсоткаў,”- лічыць Шумчанка.

У час, на які было прызначанае паседжанне па справе Дубанавай, сяброўкі прадпрымальніцы збіраюцца прынесці вянкі да будынка суду.